У рамках праекта «Жыццё (не) звычайнага беларуса» праваабаронца Алег Воўчак распавёў «Салiдарнасцi» пра тое, чаму не будзе ўдзельнічаць у кампаніі па выбарах прэзідэнта, ці магчымыя плошчы ў беларускай глыбінцы і якое пакаленне мы страцілі.

Маё жыццё падобнае на кіно. Афганец-памежнік, які працаваў у пракуратуры і сышоў з органаў у праваабарончую дзейнасць, а ў 40 гадоў пачаў здымацца ў кіно. Калі здымаць фільм пра маё жыццё — гэта можа быць прыгодніцкая стужка. Я ішоў сваім курсам, хоць для многіх быў белай варонай.

Праца ў пракуратуры падкідвала сюжэты, як у кіно. На фота Віка Радзівонава, якую напярэдадні дня нараджэння выкралі і павезлі ў Бельгію. Мы яе знайшлі і вярнулі ў Беларусь у сям'ю.1996-ы год

Праца ў пракуратуры падкідвала сюжэты, як у кіно. На фота Віка Радзівонава, якую напярэдадні дня нараджэння выкралі і павезлі ў Бельгію. Мы яе знайшлі і вярнулі ў Беларусь у сям'ю.1996-ы год

У кіно я акцёр другога плана. Ні пры якіх абставінах не стаў бы граць ролю забойцы і гвалтаўніка. Праўда, апошнім часам рэжысёры бачаць мяне ў ролі доктара.

***

Як ні парадаксальна прагучыць, але ў нашых міністэрствах больш апазіцыі, чым у самой апазіцыі. Людзі ва ўладзе засумавалі па адэкватнай нармальнай працы.

Адкуль такая інфармацыя? Я камунікую з людзьмі ў кіно, у лазнях, на сустрэчах у рэгіёнах. Кінапляцоўка аб'ядноўвае людзей з розных структур.

На здымках фільма «Маё каханне» з расійскай актрысай Ганнай Гаршковай

На здымках фільма «Маё каханне» з расійскай актрысай Ганнай Гаршковай

***

Як толькі чалавек перастае здзіўляцца жыццю — ён на шляху да старасці. Мяне гэтаму амерыканцы навучылі. Я пабываў у Штатах у крызісным 2008 годзе. Гаспадар сям'і, у якой я жыў, казаў: «Ну і што, што заробак паменшыўся: менш стаў есці мяса, радзей хаджу ў рэстараны. Але не гэта галоўнае. У нас ёсць дух свабоды, ёсць дзяржава».

***

Пакуль «першы кандыдат» будзе ўдзельнічаць у выбарах, ён заўсёды будзе №1. Мы нічога не зменім, пакуль Ярмошына будзе старшынёй ЦВК.

Большасць людзей разумее, што рэальна галасы ніхто не лічыць. Ведаюць пра гэта і сябры выбарчых камісій.

У краіне, дзе ёсць палітзняволеныя, грамадства павінна праяўляць салідарнасць з імі.

Прэс-канферэнцыя ў сувязі з арыштам лідара афганскай руху Мікалая Аўтуховіча. На фота (злева направа): Аляксандр Мілінкевіч, лідар аб'яднання інвалідаў вайны ў Афганістане Аляксандр Камароўскі, праваабаронца Алег Воўчак і Аляксандр Казулін. 2009-ы год

Прэс-канферэнцыя ў сувязі з арыштам лідара афганскай руху Мікалая Аўтуховіча. На фота (злева направа): Аляксандр Мілінкевіч, лідар аб'яднання інвалідаў вайны ў Афганістане Аляксандр Камароўскі, праваабаронца Алег Воўчак і Аляксандр Казулін. 2009-ы год

Я не збіраюся браць удзел у гэтай прэзідэнцкай кампаніі, у тым ліку і таму, што шкадую людзей. Пасля выбараў 2010 года ў нас столькі працы было па абароне не толькі кандыдатаў, але і тых, хто збіраў подпісы, займаўся назіраннем. Я на партыйных сходах пытаюся: «Вы гатовыя забяспечыць працай людзей у рэгіёнах?» Колькі паламаных лёсаў пасля кожных выбараў…

***

Я бачу, колькі ў Мінску ў кіроўцаў георгіеўскіх стужачак. «Зялёныя чалавечкі» ўжо даўно ў Беларусі. Яны прыйшлі, калі мы дазволілі перапісаць нашу Канстытуцыю, а не абаранілі парламент, калі збілі дэпутатаў… Мы вінавацім Лукашэнку, а хто побач з ім? Дырэктары школ, старшыні калгасаў, кіраўнікі дзяржпрадпрыемстваў. Усім ім быў выгадны Лукашэнка.

…Неяк сустракаўся з генералам, які пенсію перавёў на расійскія рублі. Я кажу: «Ты ж генерал беларускай арміі!» — «Я ў Расеі ў два разы больш атрымаю».

Для яго сям'я там, дзе плацяць грошы. Няма ў нас нацыянальнага афіцэрства. Ну як можна вырасціць афіцэра ў вучылішчы, у холе якога стаіць трохметровы помнік Сувораву?

Людзі прыходзяць з войска і кажуць, што іх нічаму не навучылі. У нас будзе ціхая анексія. Прачнёмся раніцай, а нам скажуць: «Мы прыйшлі дапамагчы, каб у вас было бяспечна».

***

Эканамічны крызіс многіх прыводзіць у роспач. У той жа час крызіс дае магчымасць пераасэнсаваць арыенціры, стаўленне да лідараў, да заробку. Можа, мне не трэба пяць пар абутку, а хопіць адной?

У крызіс будуць нараджацца новыя ідэі і сацыяльныя з'явы, пра якія ўлады не здагадваюцца. Пасля ўкраінскіх падзей людзі задумаліся не толькі пра бяспеку дзяржавы. Сёння іх хвалюе, што будзе далей. Нас чакае адток інтэлектуальных рэсурсаў. Праз пяць гадоў у нас не будзе таленавітых менеджараў. Застанецца працоўны клас і наменклатура.

***

За 20 гадоў кіравання Лукашэнкі не вырасла пакаленне беларусаў, якія гатовыя абараняць суверэнітэт. Незалежнасць краіны не з'яўляецца каштоўнасцю для большасці.

Паглядзіце на прыклад Украіны, дзе хутка сфармаваліся батальёны добраахвотнікаў — гэта нацыянальна ідэйныя людзі. У нас добра, калі сфармуецца адзін батальён (400 чалавек). А ўсё таму, што ў нас душылі культуру, мову, грамадзянскую супольнасць.

Калі ў Беларусь прыйдуць «зялёныя чалавечкі», яны сустрэнуць тут сваіх братоў. Шмат моладзі сімпатызуе Расіі. Гэта моладзь, якая вырасла пры Лукашэнку. Яны ведаюць, дзе купіць айфон, дзе камп'ютарныя гульні паглядзець — астатняе іх мала цікавіць.

Адзін мой знаёмы з праваахоўных структур кажа: «А што дрэннага, калі ў нас будзе Расія? У мяне заробак цяпер 9 мільёнаў, а будзе 1700 даляраў, як у следчага ў расійскіх рэгіёнах».

Я распытваю маладых людзей, што яны будуць рабіць, калі сюды прыйдуць расійскія вайскоўцы. Яны адказваюць, што з'едуць хто куды, а вернуцца праз пару гадоў, калі тут штосьці вырашыцца. Гэта страчанае пакаленне.

Калі і будзе супраціў, туды пойдуць людзі ад 35 і старэйшыя.

Алег Воўчак у ролі кіраўніка дыверсійнай групы Кірылы Арлоўскага ў дакументальным фільме «Заходняя Беларусь»

Алег Воўчак у ролі кіраўніка дыверсійнай групы Кірылы Арлоўскага ў дакументальным фільме «Заходняя Беларусь»

***

З нашай сферы шмат людзей сышло: хто ў бізнэс, хто ў юрыдычныя структуры. Праца праваабаронцы сілкуе духоўна. Арганізацыя «Прававая дапамога насельніцтву» дапамагае людзям, аказваючы прававую дапамогу бясплатна. Бывае, наведвальнікі з парога заяўляюць, што ў нашых судах і пракуратурах ўсе злачынцы. І пішуць такія заявы ў Адміністрацыю прэзідэнта. Гэты гнеў, недавер да ўлады могуць стаць той сілай, якая справакуе «майдан» у рэгіёнах.

Перавозчыкі, якія губляюць зараз на штрафах «Белтол» некалькі дзясяткаў тысяч еўра, потым будуць біцца за сваю ўласнасць. Яны выйдуць з тымі жа пенсіянерамі і шматдзетнымі маці, якія недаатрымалі нешта ад дзяржавы, з «афганцамі». Да многіх з іх толькі зараз дайшло, што іх пакінулі без ільготаў: адмянілі бясплатныя лекі, зубапратэзіраванне.

***

І адзін праваабаронца можа нешта зрабіць. У 2012-м годзе мяне пасадзілі на суткі ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Мне не страшна было жыць у тых умовах, але шмат хто з маіх сукамернікаў, сярод якіх былі бізнэсмены, работнікі прамысловых прадпрыемстваў, былі ў шоку. Некаторыя баяліся прылегчы, каб вошай не нахапацца. Сусед па камеры казаў: «Вось калі вы нешта зменіце тут, як БНФ … Раней кран з вадой вісеў там, дзе параша, але БНФ дамогся таго, што кран перанеслі».

Я паабяцаў, што выйду на волю і пачну праблемай займацца. Разам з кампаніяй «Праваабаронцы супраць катаванняў» мы дамагліся закрыцця ізалятара на капітальны рамонт. Акрамя таго, маю скаргу на ўмовы ўтрымання ў ізалятары на Акрэсціна зарэгістраваў у камітэце па правах чалавека ААН.

***

У Беларусі чалавеку рэдка ўдаецца перамагчы ў барацьбе з дзяржаўнай машынай. Не з-за таго, што мы няякасна пішам скаргі. У нас працуюць былыя суддзі, пракуроры, аналітыкі. Гэта праблема судовай сістэмы. Калі на адной шалі вагаў — чалавек, а на другой — інтарэсы дзяржавы, як бы мы дакладна ні пісалі, нічога не даможамся.

Аднаго нашага кліента папярэдзілі мясцовыя ўлады, што згнояць, калі з Мінска праваабаронцы працягнуць змагацца супраць іх. Ён плакаў у трубку. Казаў: «Я мужык і так вас падвёў. Вы столькі часу выдаткавалі».

Людзі не хочуць звязвацца з сістэмай. Гэты страх у іх у генах.

***

КДБ разбурыў маю сям'ю. Гэта здарылася пасля таго, як я пачаў працаваць з Віктарам Ганчаром, у 1999 годзе. Тэлефанавалі жонцы, казалі: «Няхай супакоіцца». Навошта маладой дзяўчыне ў 21 год такія праблемы? Ёй не захацелася вяртацца ў сталінскія часы. Той шлюб распаўся.

Маёй цяперашняй жонцы таксама прыходзілі такія званкі з пагрозамі, маўляў, няхай супакоіцца…

***

Шчыра прызнаюся, я быў «зялёным чалавечкам». Не чытаў газет, дрэнна ведаў гісторыю і страшна баяўся беларускай мовы.

Знаёмства з Мікалаем Статкевічам перакуліла мой свет. Важную ролю адыграла тое, што ён афіцэр. «Ты ж разумны хлопец, што ты тут робіш?» — запытаўся Статкевіч.

Ён прапанаваў з'ездзіць у Нямеччыну і ў Латвію, пазнаёміцца з тым, як працуюць праваахоўныя органы ў еўрапейскіх краінах. Вярнуўшыся з гэтых паездак, я зразумеў, што работа следчым — гэта не маё. Гэта не тая пракуратура, пра якую я марыў ў студэнцкія гады. Статкевіч мяне падтрымаў, параіў заняцца праваабарончым рухам.

У красавіку я звольніўся, а ўжо праз месяц сабраў сваіх былых юрыстаў-«афганцаў», і мы арганізавалі «прававую дапамогу насельніцтву».

…Пакуль Статкевіча не вызваляць, пра якія выбары можа ісці гаворка? Трэба патрабаваць вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?