У хуткім часе заводзіць старонкі прэзідэнта Беларусі ў сацыяльных сетках не плануецца, паведаміла БелаПАН прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант. 

Каментуючы першакрасавіцкі жарт «Нашай Нівы» аб тым, што «Аляксандр Лукашэнка завёў афіцыйны Instagram», прэс-сакратар заявіла: «У прэзідэнта Беларусі няма акаунтаў у сацыяльных сетках. Прэс-служба не вядзе таксама ніякія старонкі прэзідэнта нідзе. Яны паяўляюцца, я пра гэта ведаю. У прынцыпе, не думаю, што гэта нейкі дзіўны факт, таму што такія старонкі вядомых людзей, пачынаючы ад зорак эстрады і працягваючы вядомымі палітыкамі, не рэдкасць».

Наталля Эйсмант зазначыла, што афіцыйныя старонкі кіраўнікоў дзяржаў у сацсетках становяцца звычайна практыкай, але прэс-служба беларускага прэзідэнта ў бліжэйшай перспектыве наўрад ці будзе заводзіць яго старонкі ў сацсетках. «З цягам часу (усё цячэ, усё змяняецца…) мы будзем разглядаць мэтазгоднасць, неабходнасць прысутнасці там прэзідэнта Беларусі. Думаю, што ў нас і без таго дастаткова адкрыты і актыўны прэзідэнт, і без дапамогі сацыяльных сетак у нас ёсць магчымасць данесці яго пазіцыю да кожнага чалавека», — дадала прэс-сакратар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0