Да 2020 года 5 крытых футбольных манежаў могуць быць узведзеныя ў розных рэгіёнах Беларусі. Такую ініцыятыву агучыў старшыня асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» Сяргей Румас на чарговай справаздачна-выбарчай канферэнцыі АБФФ. Узвядзенне манежаў прадугледжана стратэгіяй развіцця беларускага футбола на перыяд да 2020 года.

«Мы лічым, што крытыя арэны будуць узведзеныя па аналогіі з тыпавым праектам манежа, які паспяхова функцыянуе ў Футбольнай акадэміі ў Пінску. Гэта дазволіць рассунуць рамкі футбольнага сезону і забяспечыць круглагодную падрыхтоўку футбалістаў у краіне», — адзначыў Сяргей Румас.

Працягнецца ўзвядзенне штучных палёў. Па словах Сяргея Румаса, калі за перыяд з 2001 па 2011 год у Беларусі былі пабудаваныя 9 стандартных футбольных палёў з сінтэтычным пакрыццём, то за апошнія чатыры гады іх з'явілася 10. На чарзе кладка трох палёў у Віцебскай, Брэсцкай і Мінскай абласцях. Плануецца, што да пачатку 2016 году. АБФФ з дапамогай праграмы УЕФА «Хет-трык» давядзе колькасць палёў са штучным газонам да 23.

Акрамя таго, у адпаведнасці з Указам прэзідэнта №357 ад 18 лiпеня 2014 года, у Мінску павінен быць пабудаваны новы нацыянальны футбольны стадыён у раёне перасячэння Партызанскага праспекта і вул. Ванеева. Ужо аб'яўлены конкурс на выбар падраднай арганізацыі для ўзвядзення аб'екта «пад ключ». Арыенціровачны кошт будаўніцтва — 94 млн еўра. Умяшчальнасць стадыёна мяркуецца ў раёне 33-35 тысяч гледачоў, а час здачы намечаны на 2018 год.

Нагадаем, сёння камітэтам па інфраструктуры УЕФА прынята 11 беларускіх стадыёнаў. Але толькі адзін з іх — «Барысаў-Арэна» — адпавядае чацвёртай катэгорыі, якая дазваляе прымаць матчы самага высокага рангу аж да гульняў фінальнай часткі чэмпіянатаў свету і Еўропы. 4 беларускіх стадыёны адпавядаюць трэцяй катэгорыі УЕФА і 6 стадыёнаў — другой катэгорыі УЕФА. Для параўнання, арэны 2-й катэгорыі не могуць прэтэндаваць на правядзенне гульняў у рамках еўракубкаў вышэй стадыі кваліфікацыйных раўндаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?