1 красавіка лічыцца днём розыгрышаў і жартаў як мінімум з Сярэдявечча. Не застаюцца ў баку ад традыцыі і людзі ў вайсковай форме.

«Фота» US Army.

«Фота» US Army.

Адным з першых зафіксаваных вайсковых першакрасавіцкіх жартаў быў палёт французскага пілота над нямецкімі пазіцыямі ў 1915 годзе (падчас Першай сусветнай вайны). Пілот скінуў вялікую бомбу, ад якой немцы разбегліся ў розныя бакі. Выбуху не было, а на месцы падзення «бомбы» жаўнеры знайшлі вялікі мяч з надпісам «Красавіцкі дурань».

Пазней так жартавалі авіятары многіх іншых армій.

Жартвалі і вайсковыя СМІ. Гэтак у 1980 годзе часопіс брытанскай арміі Soldier 1 красавіка надрукаваў артыкул, што гвардзейцам прыходзіцца рэгулярна падстрыгаць свае шапкі з футра мядзведзяў, бо з-за нейкага загадкавага гармону футра працягвае расці.

У гэтым годзе вайскоўцы некаторых краін таксама вырашылі разыграць даверлівых чытачоў.

У Швейцарыі абвясцілі вяртанне на ўзбраенне пяхоты ровараў, бо гэта палепшыць фізічныя якасці жаўнераў. Пяхота на роварах зможа прайсці там, куды не дойдуць БМП і БТР, да таго ж ровары не выдаюць сябе шумам, дадаў праўдстаўнік Міністэрства абароны. 

Вайскоўцам на перадавой піцу будуць дастаўляць беспілотнікі, паведаміў учора афіцыйны сайт Сухапутных сіл ЗША. Прычым распавядалася, што піцу будуць раздрукоўваць на 3D-прынтэрах.

Ізраільская авіяцыя адбіла магчымую атаку іншапланетных агрэсараў, выкарыстаўшы сваіх хакераў, было напісана ў загалоўку навіны ў афіцыйным блогу Сілаў Абароны Ізраіля. Праўда, у самім тэксце адзначалася, што гэта быў фантастычны сцэнар рэальных вучэнняў для падразддзяленняў кібербяспекі.

Учора міністэрства абароны Францыі абвясціла, што знакамітая пілатажная група Patrouille de France пераапранецца з французскай вайсковай уніформы ў колеры французскай фэдэрацыі рэгбі - чорны і ружовы ў межах праграмы па супрацоўніцтву дзвюх арганізацый. 

А яшчэ 1 красавіка 2015 года сухапутныя войскі ЗША зрабілі больш мяккімі статутныя абмежаванні, што да татуіровак на целе сваіх службоўцаў — цяпер іх можа быць колькі заўгодна, абы не было бачна з-пад формы. Забароненыя цалкам толькі зневажальныя, парнаграфічныя і расісцкія тату.

Многія жаўнеры прынялі гэтую навіну за першакрасавіцкі жарт. У выніку Галоўнаму сяржанту сухапутных войск ЗША прыйшлося адказваць на пытанні газэты Army Times: «Мы не абіралі Дзень дурня спецыяльна». Зрэшты, дадаў ён, усе стане зразумелым ужо 2 красавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?