Аляксандр Лукашэнка азадачыў многіх, прызначыўшы першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта малавядомага Канстанціна Мартынецкага.

Усё ж раней гэтую пасаду займалі даволі яркія асобы ў беларускім істэблішменце. Гэта і Уладзімір Замяталін, і Станіслаў Князеў, і Анатоль Рубінаў, і Наталля Пяткевіч. Да такіх можна аднесці і Аляксандра Радзькова, які пакінуў пасаду ў снежні мінулага года, перайшоўшы ў канцылярыю Лукашэнкі. Больш за тры месяцы пасада пуставала.

Варта заўважыць, што найчасцей першым намеснікам у Адміністрацыі становіцца чалавек, неяк звязаны з ідэалогіяй. Сёння за ідэалогію ў Адміністрацыі адказвае Ігар Бузоўскі. Праўда, ён яшчэ даволі малады.

Што тычыцца Мартынецкага, то гэты чалавек абсалютна непублічны. За доўгія гады працы немагчыма знайсці ніводнага інтэрв’ю гэтага чыноўніка.

Вядома, што Канстанцін Мартынецкі нарадзіўся ў 1955 годзе на самым поўначы Беларусі ў Гарадку Віцебскай вобласці. Пасля школы працаваў грузчыкам, а потым пайшоў на службу ў войска.

Мартынецкі скончыў Віцебскі тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці (1981). Мяркуючы з біяграфіі — завочна. Бо ў гэты час ён ужо працаваў у кавальскім цэху МАЗа. Адразу па атрыманні вышэйшай адукацыі Мартынецкага забралі малодшым навуковым супрацоўнікам Беларускага навукова-даследчага інстытута навукова-тэхнічнай інфармацыі і тэхніка-эканамічных даследаванняў Дзяржплана БССР.

Была ў біяграфіі Мартынецкага і старонка працы ў кампартыі. Нават болей за тое. Цэлых чатыры гады ён быў загадчыкам прамыслова-транспартнага аддзела Маскоўскага раённага камітэту КПБ Мінска.

У 31-гадовым узросце Мартынецкі пераходзіць на працу ў Мінгарвыканкам начальнікам упраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва.

Ад часоў незалежнасці Канстанцін Мартынецкі трапляе ў апарат СНД. Да 2000 года ён быў начальнікам адміністрацыйна-гаспадарчага ўпраўлення, кіраўніком спраў Выканаўчага Сакратарыята СНД. Калі казаць груба, то такі чалавек выконвае функцыі «заўхоза».

Пасля гэтага Мартынецкі пераходзіць на працу ў Апарат Савета міністраў, дзе і прабыў амаль 15 гадоў.

Якія толькі пасады ён там не мяняў: першы намеснік начальніка ўпраўлення па справах дзяржаўных органаў, першы намеснік начальніка ўпраўлення па ўзаемадзеянні з рэспубліканскімі і мясцовымі органамі ўлады і дзяржаўнага кіравання, начальнік галоўнага ўпраўлення па справах дзяржаўных органаў, начальнік упраўлення па справах дзяржаўных органаў Апарату Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Нядоўгі перыяд ён быў кіраўніком сакратарыята прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага.

Урэшце, у 2007 годзе ён быў прызначаны кіраўніком Апарата Савета Міністраў. Гэта адбылося пасля таго, як папярэдняга кіраўніка апарата Валерыя Казакевіча прызначылі старшынёй канцэрна «Белнафтахім».

У снежні 2014-га Канстанціна Мартынецкага на пасадзе замяніў былы пасол Беларусі ва Узбекістане Ігар Сокал. Можна было думаць, што Мартынецкі сыдзе на адпачынак, бо яму ўжо 60 гадоў, але якраз у гэты час ён атрымаў прызначэнне на самую высокую пасаду ў сваёй кар’еры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?