Вышымайкі заваявалі сэрцы (і целы) беларусаў, але ім адным было бы самотна. У дадатак да вышымаек symbal.by прадставіў выцімайкі.

На цішоткі нанесеныя прынты алічбаваных выцінанак мастачкі Лізаветы Чырвонцавай.

Склад выцімаек: 100% бавоўна. Спосаб друку прынта: шаўкаграфія. Ёсць памеры: мадэль «Лёля» — xs, s, m, l, xl, мадэль «Лясун» — s, m, l, xl, xxl, xxxl. Цана — 190 тысяч.

Выцінанка — від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ажурны ўзор, выразаны з паперы, які атрымаў распаўсюд у Беларусі, Польшчы і Украіне.

У Беларусь выцінанка прыйшла ў XIX стагоддзі, найбольш пашыраныя былі аднаколерныя выцінанкі; часам іх рабілі з некалькіх пластоў рознага колеру. Узоры былі геаметрычныя, раслінныя, радзей — зааморфныя або антрапаморфныя. З адметнасцей беларускай выцінанкі — прынцып шматразовага складвання, сіметрычнасць узору, дэкаратыўнасць.

Выцінанкі выкарыстоўваліся для аздаблення жытла ці асобных прадметаў. На захадзе Беларусі чорнымі або паліхромнымі выцінанкамі аздаблялі пабеленыя сцены ў хатах.

Пра выцінанку распавядае мультфільм Міхаіла Тумелі на песьню этна-трыа «Троіца» «Жар-жар» 2010 года:

Выцімайка жаночая белая «Лёля»

Лёля — міфалагічны вобраз у старадаўніх павер'ях беларусаў, вобраз вясны, дзявочага хараства. Уяўлялася маладзенькай, прыгожай дзяўчынай, якая ранняю вясною ходзіць па праталінах і абуджае зямлю ад зімовага сну. Існавала павер'е, што дзіця будзе прыгожае, калі маці вынясе немаўля ў новенькай кашулі (лёлечцы) і пройдзецца з ім басанож па першай траве.

Напярэдадні Юр'я (22 красавіка) дзяўчаты спраўлялі Ляльнік (веснавое свята, урачыстасць у гонар кахання і шлюбу) — з песнямі вадзілі карагод вакол першай зазелянелай бярозкі. Самых прыгожых дзяўчат называлі Лёляю.

Выцімайка мужчынская белая «Лясун»

Лясун — міфалагічны вобраз у старадаўніх павер'ях беларусаў; гаспадар лесу і звяроў, які жыве ў лясных нетрах. Яго ўяўлялі ў выглядзе вялізнага (у рост дрэва) старога чалавека з белым, як бяроста, тварам, з вялікімі вачыма, у звярынай шкуры.

Лясун мог, нібыта, паказваць грыбныя і ягадныя мясціны, наганяць у бок паляўнічага звяроў і птушак, выбіраць бортнікам месца для ўстаноўкі калод, а таксама прымусіць чалавека доўга блукаць у адным месцы. Каб вярнуць таго, хто заблудзіўся, лясуна задобрывалі: на скрыжаванні лясных сцежак клалі хлеб з соллю ды сала.

Чытайце таксама:

У мінскім гандлёвым цэнтры адкрылася крама symbal.by

Дзе набыць вышыванку: спіс крамаў і майстроў

16 сайтаў, дзе можна набыць беларускі падарунак

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?