З пачатку сезона з-за выпальвання сухой расліннасці ў Беларусі загінула 14 чалавек, паведаміў на прэс-канферэнцыі 7 красавіка ў Мінску начальнік упраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Рафальскі. 

Паводле яго слоў, колькасць пажараў у экасістэмах сёлета ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года вырасла ў два разы і склала больш за тры тысячы з-за раскладання вогнішчаў, выпальвання сухой расліннасці, неасцярожнага абыходжання з агнём, у тым ліку ў лясах і на тарфяніках. Пры гэтым прыблізна 50% пажараў здарыліся на тэрыторыях населеных пунктаў, 20% — сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і арганізацый.

Усяго за апошнія пяць гадоў (уключаючы гэты год) ад выпальвання сухой расліннасці загінула 29 чалавек, траўмаваныя — 22.

«У асноўным загінулыя сёлета — гэта людзі, якія выпальвалі расліннасць на сваіх прысядзібных участках. Некаторыя лічаць, што выпальванне расліннасці прыносіць карысць экасістэме, але, наадварот, яны наносяць урон прыродным рэсурсам і прыводзяць да гібелі людзей, у асноўным пажылых. Яны пры спальванні смецця і сухой расліннасці не ўлічваюць умовы надвор'я, не разлічваюць сілы, не кантралююць вогнішчы. А калі сітуацыя выходзіць з-пад кантролю, спрабуюць патушыць пажары, пабудовы і гінуць пры тушэнні такіх пажараў», — адзначыў Рафальскі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?