Следчым камітэтам Беларусі завершанае следства па справе былога генеральнага дырэктара ААТ «МаналітГрад», які ўчыніў шэраг службовых і карупцыйных злачынстваў у 2011—2013 гадах, паведаміла афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова.

Устаноўлена, што злачынную дзейнасць кіраўнік пачаў, з'яўляючыся прадстаўніком дзяржавы ў назіральным савеце ААТ «МаналітГрад». Ён заснаваў праз сваіх давераных асоб шэраг кампаній, якія займаліся рознымі відамі прадпрымальніцкай дзейнасці. Пасля чаго даў заведама незаконныя ўказанні службовай асобе ААТ перадаць у карыстанне гэтым кампаніям вытворчыя памяшканні акцыянернага таварыства па мінімальным кошце арэнды, указаўшы ў дакументацыі плошчу памяшкання меншую за фактычную, што пацягнула прычыненне матэрыяльнага ўрону дзяржаўнаму прадпрыемству ў выглядзе недаатрымання прыбытку ад здадзеных у арэнду памяшканняў. 

Пасля прызначэння на пасаду генеральнага дырэктара ААТ «МаналітГрад», дзейнічаючы выключна ў сваіх асабістых інтарэсах, кіраўнік даў заведама незаконнае ўказанне аб заключэнні кантракта з заснаванай ім кампаніяй на правядзенне экспертнага даследавання выкананых работ у доме, які будуецца, нягледзячы на тое што таварыства мела магчымасць самастойна ацаніць іх якасць. 

Акрамя таго, былы кіраўнік, дзейнічаючы паводле папярэдняй змовы са сваім намеснікам, неаднаразова прымаў узнагароджанні ў выглядзе грашовых сродкаў ад прадстаўнікоў розных арганізацый за вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю. Усяго следствам даказанае атрыманне хабару на суму звыш 350 млн рублёў. 

Сваімі дзеяннямі абвінавачаны прычыніў істотны ўрон дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, паставіўшы ААТ «МаналітГрад» у цяжкае эканамічнае становішча. 

З мэтай кампенсавання ўрону, прычыненага таварыству, следчымі накладзены арышт на маёмасць абвінавачанага на суму звыш 1,5 млрд рублёў. 

Падчас расследавання крымінальнай справы следчымі ўстаноўленыя і іншыя факты супрацьпраўнай дзейнасці службовых асоб. 

Абвінавачанне былому кіраўніку выстаўленае ў незаконным удзеле ў прадпрымальніцкай дзейнасці, злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, атрыманні хабару, махлярстве, службовым падлогу і несанкцыянаваным доступе да камп'ютарнай інфармацыі. Дзеянні яго намесніка кваліфікаваныя следствам як замах на атрыманне хабару і службовы падлог. Мера стрымання падчас следства не змянялася і застаецца ранейшай — знаходжанне пад вартай. 

Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?