Сонца было набрынялае гарачынёй, сакавітае, як тоўстая ануча, распухлая ад вады пасля доўгага і густога дажджу. Пачыналася лета, салодкае і заўжды шумлівае ў сваёй спешнасці, затурканасці. І планаў сабралася бяздонная бочка, з якіх ухопіцца толькі паверхневая частка. Але марылася, што ўсё ўдасца, і гэты памерак жыцця не застанецца пустым прагалам ў памяці.

Ясь Жмуроўскі, заплюшчыўшы вочы і калыхаючыся ў такт руху тралейбуса, плыў да аўтастанцыі, з якой хуткі аўтобус даімчыць яго да лецішча. І хоць наўрад будзе надта імчаць, але ўсё-ткі дапрэ на месца, спыняючыся ля кожнай вёсачкі і дачнага пасёлка, вызваляючыся ад людзей з торбамі і торбачкамі, валізкамі, мяхамі, з жалезнымі і драўлянымі запчасткамі для сваіх сядзіб.

«…В лучших залах Белоруссии выступает выдающийся русский певец Сергей Иванов. В его песнях настоящая русская душа…» — па маніторы ля выхаду з тралейбуса гучала рэклама. Ясь не хацеў яе слухаць, але ў галаве ўжо гучала: русская душа, русская душа…

Ён прыціснуў да сябе рэчмяшок, у якім туліліся паўбохана хлеба, невялічкі кавалачак сала, што саліў напрадвесні, дзясятак яек, розная дробязь накшталт запалак, шпулькі з голкаю і, вядома, бутэлька гарэлкі, без якой ніводны сталы дачнік не збіраецца ў дарогу. Бульба, цукар, соль, крупы — у хаце ёсць.

Звычайна прыцемкам, калі на дачах сціхае грукат, вішчанне электрычных і бензінавых кос, пачынаюць гуртавацца суседзі, сябры, знаёмыя, каб супакоіць душу размовамі пра агуркі, памідоры, цыбулю, а пасля трэцяй чаркі абмеркаваць міжнароднае становішча. Усіх чамусьці непакоіць Амерыка. Хоць у аднаго там дачка, у іншага — сын, у некага — унучка ці ўнук. Усе вялікія знаўцы сусветнай палітыкі. Пасля чацвёртай чаркі здольны ліквідаваць лепш за прэзідэнтаў і каралёў яе хібы, вырашыць праблемы арабаў, і яўрэяў, і яшчэ чортведама каго. Але без успаміну пра яўрэяў не адбываецца ніводная бяседа. Як у анекдоце: калі няма ў кране вады — значыць, выпілі… Ну, вядома хто.

Да адыходу аўтобуса быў яшчэ час. Ясь зазірнуў у сціплую залу дыспетчарскай станцыі, якую прыстасавалі і для прыгарадных кірункаў. Пад столлю ля дзвярэй гарлаў тэлевізар. Дзясятак драўляных з металічнымі сядзеннямі крэслаў сіняга колеру дапаўнялі інтэр’ер залы, пафарбаванай у шэрае.

Тэлевізар уважна слухалі некалькі чалавек сталага ўзросту. З краю ля дзвярэй сядзеў сіваваты мужчына з рудымі і рэдкімі, бы ў ката, вусамі. Аблічча самаўпэўненае: пукатыя вочы, надзьмутыя вусны. Галаву трымаў высака, нават трохі адкінуўшы назад, так што патыліцай датыкаўся сцяны. Быў ён у светлых, амаль белых, з плашчоўкі, нагавіцах і гэткай ж кашулі. На нагах — дарагія чорныя з чырвонай аблямоўкай красоўкі. Такія Ясь даўно збіраўся сабе прыдбаць, але ўсё не хапала грошай.

Калі пачыналася рэклама, мужчына красамоўнічаў. Ягоны голас гучаў мацней за тэлевізійны. Чатыры далёка пенсійнага веку кабеты актыўна падтрымлівалі гутарку. Гаворка распаліла іх стомлена-абыякавыя, выцвілыя вочы. Шчокі ў той-сёй расчырванеліся, галасы былі ўзбуджаныя.

Ясь прысеў, кінуўшы побач на падлогу рэчмяшок, і адразу даўмеўся, у чым прычына гэткай актыўнасці. Па адным з расійскіх каналаў перадавалі навіны пра Крым.

Мужчына-вусач ад радасці ажно залямантаваў, пачуўшы ад выштукаванай, бы лялька, дыктаркі пра «вяртанне адвечнай рускай зямлі Крыма», пра тое, што ўсе грамадзяне адзначаюць гэту падзею як найвялікшую перамогу рускай думкі, рускага велічнага курсу ў сусветнай гісторыі. Бо, дзякуючы яму, зноў Расія зрабілася вялікай дзяржавай, аб якую нельга вышараваць падэшвы брудных ботаў.

— Вось правільна, гэта правільна, — падскокваў, нібы седзячы на спружыне, вусач. — Даўно трэба было забраць гэту зямлю ў паганых хахлоў.

— І чаму яны паганыя? — не вытрымаў Ясь. — Гэта іхняя зямля, а Расія акупавала яе, як Гітлер чэхаславацкія Судзеты.

— Якія там Судзеты? Што гэта такое? Уздумалі нейкі Майдан, бандэраўцы. І наогул, Крым ім Хрушчоў падараваў, бо сам быў хахол, — безапеляцыйна, падціснуўшы сіняватыя вусны, сказала клубастая жанчына, валасы ў якой былі сіва-пярэстыя ад колішняй перафарбоўкі. — Давно нужно было забрать у ніх эту терріторію. Может, наконец порядок будет… Ішь, чай-то, хохлы…

— І я пра тое ж, — выгукнула другая жанчына ў выцвілых, шэра-васільковых мужчынскіх нагавіцах і зашмальцаванай куртачцы. — Наша Расія паказала сілу! Хай ведаюць праклятыя амерыканцы, што тут ім дадуць адлуп. Не хапала нам, каб яшчэ НАТО прыйшло на нашу зямлю! Мы, рускія, усімі рукамі і нагамі за Пуціна. Малайчына, даў па зубах хахлам. Хрэн ім, а не Крым! — кабета выставіла перад сабой дрыжачую дулю і перажагналася. Яе вочы заззялі нейкім наркатычным агнём. Голас гучаў так, нібыта яна прамаўляла перад тысячным натоўпам і несла сваім словам святую вялікую праўду, дзеля якой было варта ісці на смерць. — А ты, — яна ажно ашчэрылася на Яся. — Валі да сваіх бандэраўцаў! І мы, рускія… — раптоўна яна села, задыхаўшыся, і заўсміхалася, нібы з’еўшы кавалак салодкага пірага. Тыцнула дуляю ў бок Яся. — Едзь да сваіх бандэраў, няма чаго тут сядзець…

У Ясевай галаве ажно загуло, сэрца затахкала, нібы сапсаваны рухавік. Гарачая хваля абпаліла твар, але нейкім звышвысілкам ён прымусіў сябе стрымацца і роўным, нават мяккім голасам, выказаўся:

— Ведаеце што, даражэнькая пані… Я нарадзіўся на гэтай зямлі, і мае бацькі адсюль, і дзяды, і прадзеды. Мне няма патрэбы некуды ехаць, нешта шукаць… А вось вам, калі вы так любіце сваю Расею, варта вярнуцца туды і адраджаць пакінутыя родныя палеткі. Адкуль вы? З якіх расейскіх прастораў? Што вы тут робіце? Гэта наша зямля, беларуская, і мы ні ў кога яе не захоплівалі. А вось Расія нахабна, карыстаючыся ўкраінскім бязладдзем, захапіла Крым і вядзе вайну супраць Украіны на Данбасе. Перад аншлюзам паўвострава там рускія скупілі нерухомасць. А колькі расійскіх пашпартоў было раздадзена ў Крыме? Колькі новых расійскіх грамадзян там з’явілася? Вось вам і пятая калона! Ці не тое ж было ў Асеціі? Гітлер таксама пад выглядам абароны суайчыннікаў захапіў паў-Еўропы… Паралелі відавочныя… Што вы, мадам, на гэта адкажаце? Вы ж жывяце ў Беларусі і павінны ёй служыць, але ж у вашай галаве іншае. Іншае, мадам!

Ясь прамаўляў гэта з горыччу, з болем, і яму было чамусьці шкада жанчыну. Бо сваімі словамі быццам лупцаваў яе, здзекаваўся, але не гаварыць не мог. Хацелася пачуць ад гэтай жанчыны нешта ў адказ.

Усе вакол сціхлі. Раптоўная цішыня — чуваць, як астматычна дыхае цётка ля акна. Грукнулі дзверы на ўваходзе ў станцыю. Узіраюцца вочы: з сумам, нянавісцю, павагай. Нічога жанчына не адказала. Азірнулася на суседак і, схапіўшы торбу, выгукнула:

— Мы, рускія, яшчэ вам пакажам, дзе ракі зімуюць.

Выйшла на вуліцу і адтуль паказала Ясю кулак. Далучыўшыся да купкі пасажыраў, што тоўпіліся ля аўтобуса, пачала, размахваючы рукамі, нешта гаварыць.

— Дык хахлы ўсё-такі спалілі нашу Хатынь, спалілі! — раптам прамовіла сярэдніх гадоў жанчына ў чырвонай куртачцы. — Яны ж за немцаў былі, былі за немцаў!

— А ўласаўцы, рускія казакі, якія служылі фашыстам, мала нарабілі бяды? — сказаў дзядзька з вайсковым, залапленым шмат у якіх месцах, рэчмяшком, што толькі ўвайшоў у залу. Аблічча ў яго было няголенае, парослае няроўнай шэра-сівой шчэццю. Голас, як труба, адразу запаланіў невялічкае памяшканне станцыі. — Фашызм не мае нацыянальнасці. Як, дарэчы, і камунізм.

Ніхто ўжо не глядзеў тэлевізар. У зале стала людзей больш, але спрэчка, нібы вогнішча, дагарала, толькі яшчэ гудзеў, як шэршань, вусаты мужчына, дый той збіраўся на свой аўтобус. Неўзабаве абвясцілі і Ясеў рэйс.

Настрой быў сапсаваны, і Ясь як сеў на сваё месца, прыхіліўшыся ілбом да прахалоднай шыбы, так і не варушыўся. Перад вачыма мільгала жаночае злоснае аблічча, у галаве гучалі словы: «Мы, рускія, вам пакажам…»

Нехта ззаду лёгенька штурхнуў яго ў плячо. Побач стаяў той немалады дзядзька з вайсковым рэчмяшком, неяк хітра, загадкава ўсміхаўся:

— Ці можна побач прыладкавацца?

— Калі ласка,— Ясь азірнуўся: салон аўтобуса быў паўпусты.

Чалавек асцярожна прымасціўся, нібы баючыся зачапіць Яся. Цяжка было вызначыць яго век: магчыма, недзе між шасцюдзесяццю і васьмюдзесяццю гадамі. Вочы яркія, сінія, пранізлівыя. Здаецца, зазірае ў самую душу. Хочаш ці не, але вымушаны перад ім адкрыцца, аб нечым пагаманіць. Хай толькі скажа першае слова, закране цябе.

— Разумна ты казаў, надта разумна, хлопча, — дзядзька гаварыў ціха, прыглушыўшы свой трубны голас, — толькі што ты зробіш. Мабыць, такі час надышоў. Хоць, зрэшты, ён для нас быў усягды такі. У Беларусь заўжды лезла розная навалач. Дый шмат хто з беларусаў, скажу табе, паводзіць сябе не лепшым чынам. Цяжка, брат, цяжка, і што рабіць?..

 Дзядзька замоўк, прыплюшчыўшы вочы, і нібы прыдрамаў. Ясь глядзеў у акно аўтобуса, за якім мільгалі так знаёмыя палі, гаі, пералескі. Але спакою не было. У рэкламным маніторы зноў спяваў нейкі расійскі кароль ці імператар, срэбны ці залаты голас эстрады, які крычаў, што нічога няма лепшага за рускае. Гэта значыць, і чай, і гарэлка, і хлеб, і бяроза. І рускае поле… Усё астатняе — абы што… І слухайце рускіх артыстаў ва ўсіх кутках Беларусі. Бо, значыць, сваіх вы, дурні, не маеце…

 Ясь раптам успомніў, як у пачатку 90-х на прыпынку чакаў з сябрам тралейбус. Яны досыць гучна штосьці абмяркоўвалі на роднай беларускай мове. Да іх прычапіўся на добрым падпітку мужчына:

— На каком языке разговариваете? У меня на родіне. Я русскій человек. Какіе тут белорусы, тут мы, русскіе, хозяева. Нікаких белорусов нет!

Некалькі маладых хлопцаў ледзь не пачалі біцца з п’янюгам. І той са страху даў такія лататы, што праз хвіліну ягоны след прастыў. На жаль, менш аднадумцаў таго п’янюгі не стала. Іх поўна і ў гэтым аўтобусе, вакол. Яны з усіх бакоў, з горыччу падумаў Ясь. Але ж трэба неяк жыць, штосьці рабіць. Калі толькі стагнаць і плакаць, вось тады і будзе ўпэўнена і нахабна крочыць пятая калона, падмінаючы ўсё тутэйшае, беларускае. Яны лічаць, што ўжо гаспадары ў нашым доме: пасадзілі за стол, а яны — ногі на стол. Так, так, разважаў Ясь. Крыўдна, балюча. «З сённяшняга дня, як прыеду на лецішча, буду з суседзямі размаўляць толькі па-беларуску. І ў хаце прымушу жонку і дзяцей звяртацца адно да аднаго на роднай мове. А чаму не рабіў гэтак раней? Хто перашкаджаў мне размаўляць на рабоце па-беларуску? Ніхто. Здавалася, што… Што? Ніякіх аргументаў для апраўдання няма. Вось таму і расце пятая калона. Вось таму ў яе шэрагах і тыя, хто здольны прадаць родную зямлю, забыць пра сваіх прашчураў, якія аддавалі сваё жыццё за свабоду, за права людзьмі звацца».

На лецішчы, толькі пера-апрануўшыся ў рабочае, Ясь пачуў з-за плота пісклявы голас суседкі Мітрафанаўны:

— Что-то давно не было відно вас, Казіміровіч… У нас спортілся тялевізор, что там у хохлов? Добілі іх наші на Донбассе? Была б моя воля, я б іх к матушке атомной бонбой… Вряз бы утіхомірілісь. Протів нас, русскіх, поперлі поганые хохлы… Видите, что делается…

Ясь пастаяў, узіраючыся ў расчырванелы твар гэтай немаладой занадта энергічнай кабеты, і, стрымліваючы сябе, з апошніх намаганняў выціснуў:

— Не разумею вас. Пра што, прабачце, вы далдоніце? Аб чым гвалт? Я думаў вы ўжо з аўтаматам у Данбасе… Там вас даўно чакаюць. Там вас толькі і не хапае!..

Кукавала зязюля. Спявалі салаўі. Ціха шумеў лес. Плылі па небе пухнатыя аблокі, і свяціла сонца. Прыгожа, як у раі. Але перанасычана было паветра трывогаю, непакоем і страхам. І быццам д’ябал пачаў панаваць вакол, галоўнай арміяй якога была пятая калона, што нібыта заразны вірус віравала ўсюды…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0