Апавяданне Евы Вежнавец «Іра ў залатых басаножках» складана назваць кароткім: хоць яно змяшчаецца на дзесяці старонках, але там ламаюцца некалькі лёсаў, прычым у розныя часы. Як і ў іншых творах пісьменніцы, гісторыя не разгортвацца толькі цяпер: мінулае паўстае ў старой ігрушы, знішчаным на яе месцы маёнтку, у вёсцы, дзе і да гэтага часу перамешаны «попел з кацінымі касцямі, абразы ды пляшка».

Гэта гісторыя гвалту ў вельмі шырокім сэнсе: не толькі пра дзявочае цела, не толькі пра смерць жывёл ад чалавека, але, здаецца, і гвалту, што перажыла і перажывае Беларусь. Прынамсі ў той Беларусі, якую малюе аўтар, бацькі не вераць у мэтазгоднасць заступніцтва за згвалтаваную дачку, міліцыянты не хочуць шукаць злодзеяў, дзеці як нешта надзённае ўспрымаюць гісторыі пра пахаваных жыўцом і потым раскапаных людзей, а адзіныя пачуцці, што называюцца ў тэксце - гэта сорам, страх, пазор, стыд, сум, жах, агіда. Пры ўсім гэтым апавяданне не назавеш змрочным: аўтар па-майстэрску і далікатна абыходзіць усе моманты, дзе можна «націснуць на педаль», выдавіць слязу ў чытача ці хаця б проста запалохаць яго і збіць яго дыханне. Такімі простымі хадамі Ева Вежнавец не карыстаецца, яе тэкст куды больш тонкі, а жах — глыбейшы. Аўтару ўдаецца застацца на сваім месцы аўтара — кіраваць часам і прастораю ў творы — і спакойна і мужна паказваць гэтую хаду часу і сімвалічнасць прасторы.

Не ведаю, ці можна назваць трасянку згвалтаванай мовай — пэўна, не, але ж для мяне ў апавяданні Евы Вежнавец адзін з самых удалых, сэнсастваральных і ў той жа час амаль незаўважных прыёмаў — якраз яе ўжыванне. На трасянцы гавораць усе дарослыя, на трасянку пераходзіць маленькая Таня, калі відавочна паўтарае дарослыя словы. Таня лёгка ўпісваецца ў дарослы свет, яна ўжо ведае, што можна падглядзець, але не выратаваць, цікаваць, але не закрычаць. Толькі Іра, галоўная гераіня, наіўнае цнатлівае чуллівае дзяўчо, размаўляе крынічнай беларускай моваю. Аўтар сутыкае гэтыя моўныя плыні, калі нехта гаворыць з Ірай:

Міліцыянт: А ў чым ён быў адзеты?

Іра: У ботах, шапцы, штанах і клятчастай кашулі.

— А рэмень быў?

— Быў, з бліскучай спражкаю, а на ёй зорка.

— Бачыце, мамаша, — сказаў міліцыянт Ірынай маме, што стаяла ў парозе. — Дзела не выходзіць. Адна кажа, што ён у ботах быў, другая — што ў бацінках. Адна кажа, папруга ў яго была са звяздой, а другая - што без папругі быў. Хімічаць нешта вашы дзевачкі.

Іра будзе гаварыць на беларускай мове «без прымешкаў» да моманту ініцыяцыі ў апавяданні. Гэта не заўважна з першага прачытання, бо паказана праз унутранае маўленне: «Іра прыціхла, разумеючы, што апазорыла бацькоў яшчэ горш. Ну чаму яна не такая, як усе, дый яшчэ ўліпла ў такую гісторыю? Цяпер хоць на вуліцу не вылазь, ні ў магазін не сходзіш, ні на ровары не пакатаешся». Гэта ўжо яе словы, а не адзінкавае дарослае «стыдна», якое ўспрымаецца як цытата. Так і становяцца дарослымі ў гэтым свеце.

Зрэшты, можна і па-іншаму інтэрпрэтаваць гэтую змену, бо пасля яе Іра часам зноў вяртаецца да мовы без русізмаў, і характар яе ўсё ж не змяняецца. Але важна тое, што мова, якую ўжываюць героі, для Евы Вежнавец —заўсёды маркер і не выпадковая рыса.

Больш за ўсё русізмаў, канешне, ужывае Дораш: у яго і «ваўшэбнае месца», і «прашчальныя яблыкі».

Мужчынскі свет у апавяданні ўвогуле не выклікае даверу. Найперш, канешне, пужае Дораш, потым — міліцыянер, а маленькая Таня выказваецца так: мужыкі «не ўмеюць і жывёлы прыбіць, блююць». І нават бацьку галоўнай гераіні сімпатызуеш толькі спачатку. Мы так і не даведаемся, што за дамова была ў яго з Дорашавай маці, але ж гэты мужчына так нічога і не зрабіў для сваёй дачкі, нават і не паразмаўляў з ёю.

Робяць учынкі у свеце гэтага апавядання, калі не сказаць у свеце Евы Вежнавец, жанчыны (для Евы і беларуская зямля — жанчына). Бабка вязе ўнучку да іншай бабкі. Сяброўка, а не сябар, пільнуе, пакуль Іра вырые каціныя косткі з зямлі. Урэшце маленькая Іра сама заступаецца за сябе.

Яе начны паход займае ў апавяданні паўстаронкі, але што гэта за паўстаронкі! Яны прапісаны аб'ёмна, але дэтальна, праўдзіва і разам з тым нібыта не ў адзіным часе. Напрыклад: «Зоры гарэлі на небе, калыхаліся, свежасцю пахла з усіх кутоў, пабрэхвалі сабакі, але не надта стараючыся, бо Іра была свая». У аўтара добрыя вочы: зоры і сапраўды нібыта калыхаюцца, калі ідзеш і глядзіш на іх адначасна. Але гэты дзеяслоў — калыхацца — ужо нешта значыў раней у творы. Ад яго становіцца балюча і страшна, бо менавіта гэтае слова стаяла замест «гвалтаваў». І нават сабакі, што прызнаюць у Іры «сваю», належаць нібыта адразу да двух планаў: яна свая, бо жыве ў іхняй вёсцы, але яшчэ — яна свая, бо ратуе жывое, бо пацярпела за жывёл ад таго, хто іх забівае.

За Ірай нібыта крадзецца котка — зразумелы сімвал, але ж котка гэтая «паласатая-насатая». Гучыць усё так натуральна, што спачатку атрымліваеш асалоду ад гэтай рыфмы родам з дзіцячых лічылак. І толькі потым задумваешся: як котка можа быць насатай? Насатая — гэта Іра, у якой «вялікія вочы, востры нос і доўгі рот нібыта змагаліся за месца» на твары і якую Дораш сам называў насатай і Бурацінкай. Менавіта так і змешваюцца вобразы ў галаве чалавека, які перажыў траўму і шок, прачынаецца з крыкам па начах і ідзе да самага страшнага месца на зямлі адзін пасярод ночы.

Такіх момантаў багата ў апавяданні, і гэта робіць другое і трэцяе прачытанне яго не менш цікавым, чым першае.

Але за ўсім гэтым, як мне падаецца, усё роўна стаіць Беларусь — галоўны герой усіх твораў Евы Вежнавец. Гвалт адбываецца на месцы, дзе раней стаяў кулацкі хутар «з вялізным садам, жыла вялікая сям'я, а потым іх усіх пазвозілі, як негадзяшчых сабак, а селішча зааралі. Толькі груша расце тут са старых часоў, падае, развальваецца, а з пня ў яе зноў груша прарастае, новая, і тую грушу рушыць нельга, бо гэта чортава месца». Была сям'я — і няма больш, быў вялізны сад — і засталася адна груша, што развальваецца. Ева Вежнавец піша рэалістычнае апавяданне. Але з пня расце новая груша, якую нельга рушыць… Ева Вежнавец піша магічны і сімвалічны рэалізм.

На маю думку, адзінае, што зніжае «градус» гэтага апавядання — гэта яго традыцыйнасць. Яно выстойваецца з апорай на традыцыю беларускай літаратуры, цудоўна ўпісваецца ў кантэкст, і нават груша нам ужо знаёмая. Але гэта робіць апавяданне яшчэ і прадказальным. Калі нешта знішчылі і разбурылі на адным месцы, а потым на ім жа пахавалі кагосьці жыўцом, то нешта мусіць здарыцца і ў трэці раз. Іра стаіць з высока паднятым прыполікам сарафана, трымае ў ім мёртвых катоў (сам вобраз цудоўны), Дораш глядзіць на аленія ножкі з вострымі каленцамі — і чытач разумее, што здарыцца далей. У гэты момант хочацца памыліцца і каб аўтар цябе здзівіў. Так, пакуль Іра шла да Дорашавай хаты ноччу ў канцы апавядання, я ўсё чакала, што здарыцца нешта нечаканае, што Іра не проста, баючыся, закапае вузлік пад ганак, і Дораш памрэ, але што сюжэт выкруціцца нечаканым манерам, і з беларускай традыцыі, як з той грушы, вырасце яшчэ адна груша.

Нечаканасці ў аўтара адбываюцца на моўным і вобразным узроўні: не чакаеш, напрыклад, што назвы яблыкаў нешта скажуць табе пра гісторыю Беларусі, што Дораш будзе прышчэпваць яблыні цэламу лесу. Было б цудоўна, каб гэтак жа здзіўляў і абуджаў чытача і сюжэт. Хаця гавораць, што ўсе сюжэты ўжо прапісаныя, і важна не тое, пра што, а тое, як напісана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?