Стварэнне новага беларускага спадарожніка закладваецца ў новую касмічную праграму, распрацоўка якой практычна завершаная, перадае БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка падтрымлівае стварэнне новага беларускага спадарожніка, але кажа, што ён мае быць больш камерцыйным, а не проста пазнавальным, заявіў кіраўнік апарату Нацыянальнай акадэміі навук Пётр Віцязь.
Па словах Віцязя, зараз усё ўзгадняецца са спажыўцамі, вывучаецца папярэдні досвед і магчымыя нішы.
«Паколькі Беларусь - краіна маленькая, то мы павінны з кімсьці скааперавацца. Для нас стратэгічны партнёр – Расія», — кажа галоўны канструктар Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Сяргей Залаты.
У перамовах з Раскосмасам беларускі бок гаворыць аб тым, што новы беларускі спадарожнік войдзе ў адну з расійскіх груповак спадарожнікаў.
Новы спадарожнік, паводле яго слоў, павінен мець распазнаванне лепшае за адзін метр. Распазнаванне ў два метры дазваляе ствараць тапаграфічныя карты маштабу 1:50000 і абнаўляць маштаб 1:25000, «метровы» спадарожнік дасць магчымасць працаваць з дзесяцітысячным маштабам.
Па інфармацыі Залатога, калі кошт аэрафотаздымкі аднаго квадратнага кіламетра складае каля 30 даляраў, то аналагічныя затраты пры выкарыстанні касмічнага спадарожніка ў 2-3 разы ніжэйшыя.
***
Сёння Беларусь мае адзін спадарожнік. Беларускі касмічны апарат (БКА) быў запушчаны ў 2012 годзе. Яго распазнавальная здольнасць — 2 м у аднаканальным (панхраматычным) рэжыме і 10,5 м у шматканальным.