Звычайна для такіх спісаў шукаюць плюсы. «Наша Ніва» склала ўмоўны спіс таго, што можа быць мінусам нараджэння ў Беларусі. Не ўспрымайце сур’ёзна, проста пажытак для думак, цікавыя і непрыемныя факты. А мы чакаем каментароў-контраргументаў, якія дапамогуць скласці «100 плюсаў ад нараджэння ў Беларусі»

Акцэнт і мова

Пры нараджэнні ў Беларусі вашы шанцы на добрае валоданне замежнай мовай істотна зменшацца. Узровень выкладання англійскай ці нямецкай у школе нізкі. Згодна з Белстатам, свабодна гаворыць па-англійску толькі кожны дваццаты беларус, па-нямецку кожны соты. І тое, ёсць прычыны сумнявацца ў гэтых лічбах. Да таго ж, нават наша «расійская» мова дастанецца вам з характэрным вымаўленнем.

Візы і межы

Як уладальнік беларускага пашпарту вы можаце разлічваць на бязвізавы ўезд усяго ў 21 краіну свету. Украінскі пашпарт даў бы вам магчымасць без клопатаў наведаць 34 краіны. Прычым паўднёвыя суседзі як ніколі блізкія да бязвізавага рэжыму з ЕС. А з фінскім пашпартам можна смела ехаць у 170 краін свету.

Да таго ж, сярод усіх нашых суседзяў, мы маем найгоршы візавы рэжым з Еўропай — расіяне і украінцы плацяць за «шэнген» 35 еўра, а не 60.

Аэрапорты і транспарт

Апроч візаў, беларус сутыкнецца яшчэ з праблемай транспарту — наяўнасць межаў з ЕС адымае час. На некалькі гадзін зацягнецца і падарожжа на цягніку ў суседнюю Польшчу — шырыня нашай калейкі не адпавядае еўрапейскай, цягнік вымушаны змяняць колы.

Аэрапорт, з якога рэгулярна лётаюць рэйсы ў іншыя краіны, адзін, у Мінску. Канешне, ёсць адзін рэйс Гомель-Калінінград і мноства летніх чартараў у Турцыю з Брэста, але Мінск-2 — асноўны і адзіны пасажырскі аэрапорт краіны. З якога, на жаль, не лятаюць танныя авіялініі.

Мапа краін, дзе няма лаўкост-перавозчыкаў

Мапа краін, дзе няма лаўкост-перавозчыкаў

Горы, мора і надвор’е

Мапа, якая вышэй, можа быць выкарыстана для ілюстрацыі не толькі праблем у транспартнай сферы. Напрыклад, мы адзіная краіна, якая не ўваходзіць у Раду Еўропы ці Балонскі працэс, а таксама краіна, якая не мае ані доступу да мора, ані ўласных гор.

Вы думаеце, гэта канец? Паглядзіце ў акно, верагодна, неба будзе шэрага колеру. Гэта не дзіўна, бо дажджоў у Мінску больш, чым у Лондане, а сонечных дзён у нас менш, чым у Каліфорніі ў цэлых пяць разоў.

Беларускі рубель

Як жыхарам Беларусі, нам дастаўся беларускі рубель, адна з самых нестабільных і слабых валют свету. Толькі за апошнія пяць год ён дэвальваваны на 533%.

Наогул, калі казаць пра эканамічныя пытанні, многія беларусы не змогуць пачувацца шчаслівымі. Нядаўна высветлілася, што пенсія ў суседа-паляка ў сярэднім большая, чым заробак у беларуса.

Кошты і магчымасць выбару

Не сакрэт, што найлепшы беларускі шопінг адбываецца за межамі краіны. Беларусы ездзяць у Вільню ці Варшаву не толькі з-за таго, што ў нас няма сусветных брэндаў, але і таму, што там танней. Беларусь абмінаюць не толькі авіяперавозчыкі, але і вытворцы вопраткі, сеткі кавярняў і фастфудаў.

Адсутнасць шчасця

Вызначыць, што робіць беларуса нешчаслівым, дакладна нельга, але вызначыць, наколькі, спрабуе Міжнародны індэкс шчасця. Рэйтынг адносіць Беларусь да 165 месца ў свеце.

Працягваць разбіраць рэйтынгі, у якіх мы не ўваходзім у першую сотню краін, можна даволі доўга. З важнага назавём тое, што Беларусь у першай дваццатцы па колькасці самагубстваў і 119-я ў свеце па чаканай працягласці жыцця. Нас абыйшла і Украіна, і Літва, і Грузія. Хоць у СССР беларусы жылі больш за ўсіх іншых суседзяў.

Нязменная ўлада

Палітык Павел Севярынец у тэксце віктарыны «Шоу Беларушчыны» так фармуляваў негатыўную вядомасць Беларусі ў свеце «Лукашэнка, Няміга, Чарнобыль». І калі пра трагедыю ў пераходзе «Нямігі» пачалі забываць нават у нас, то нязменны Лукашэнка і радыяцыя па-ранейшаму актуальныя. Прычым паняцці тоесныя — беларусы пачалі ставіцца да нязменнай улады як да радыяцыі: змагацца немагчыма, трэба чакаць альбо ехаць падалей.

Невядомая краіна

Візы, транспарт, адсутнасць мора актуальныя па два бакі мяжы. Мы, напэўна, уваходзім у пяцёрку самых невядомых краін на кантыненце — турыстаў у Беларусі вельмі мала.

Але большая праблема яшчэ і ў тым, што беларусы самі не асабліва ведаюць пра сваю краіну і яшчэ менш вераць у яе поспех. Інтэрнацыяналістычная ідэалогія, расійская мова і культура, савецкая гісторыя і расійскае ТБ выбілі глебу ў саміх беларусаў: «зразумець, хто мы ёсць» — вялікае вызванне для нацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?