Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда 9 красавіка вынесла прыгавор 25-гадоваму непрацуючаму жыхару Кобрынскага раёна, які згвалтаваў і забіў дзяўчыну. 

Як паведаміў пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Міхаіл Кляўцэвіч, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачванне па справе, у ноч з 13 на 14 жніўня 2014 года ў Кобрынскім раёне мужчына ў стане алкагольнага ап'янення ехаў на выкрадзеным ім аўтамабілі. Недалёка ад вёскі Андронава ўбачыў дзяўчыну. Яна ішла з Андронава, дзе была ў гасцях ў стрыечнай сястры, у суседнюю вёску. 

Мужчына прапанаваў падвезці 18-гадовую дзяўчыну дадому. Але замест гэтага адвёз яе ў лясны масіў недалёка ад вёскі Батчы, дзе згвалтаваў і задушыў. Каб схаваць сляды злачынства, абвінавачваны на месцы забойства выкапаў яму і закапаў труп сваёй ахвяры, яе адзенне спаліў. Пасля чаго паехаў. 

З дзяўчынай ён знаёмы не быў. 

18 жніўня мужчыну затрымалі па падазрэнні ва ўчыненні крадзяжу. У далейшым была ўстаноўлена яго замешанасць у згвалтаванні і забойстве. Пазней ён указаў месца, дзе закапаў труп. 

Як зазначыў Кляўцэвіч, гэты грамадзянін таксама абвінавачваўся ва ўчыненні серыі крадзяжоў аўтамабіляў і іншай маёмасці на тэрыторыі Кобрына і Драгічына. 

Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда прызнала мужчыну вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадуглежанага ч. 1 арт. 166 КК (згвалтаванне), п. 7 ч. 2 арт. 139 КК (забойств, звязанае з згвалтаваннем), ч. 2 арт. 205 КК (тайны крадзеж маёмасці, учынены паўторна), ч. 2 арт. 212 КК (крадзеж шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі паўторна), арт. 421 КК (невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду). 

Па сукупнасці злачынстваў ён прыгавораны да 23 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму. З яго спагнана ў якасці кампенсацыі маральнага ўрону на карысць маці дзяўчыны 100 млн. рублёў. 

«У судзе абвінавачваны не раскаяўся ў тым, што зрабіў. Віну прызнаў часткова і толькі па эпізодах крадзяжоў», — дапоўніў Кляўцэвіч. 

Прыгавор не набыў законную моц і можа быць абскарджаны. 

Раней грамадзянін неаднаразова судзімы за крадзяжы, у тым ліку ў непаўналетнім узросце. 

22 лютага 2014 года ён быў вызвалены з месцаў пазбаўлення волі, дзе адбываў пакаранне за крадзеж. Пасля вызвалення з калоніі знаходзіўся пад прэвентыўным наглядам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?