У Беларусі спрашчаецца долевае будаўніцтва жылля. Адпаведны ўказ нумар 55 «Аб некаторых пытаннях долевага будаўніцтва» прэзідэнт Беларусі падпісаў 31 студзеня.

Як паведамілі БЕЛТА у прэс‑службе кіраўніка дзяржавы, дакумент выдадзены ў мэтах удасканалення парадку долевага будаўніцтва шматкватэрных жылых дамоў і больш хуткага забеспячэння жыллём грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

У адпаведнасці з указам скарачаецца пералік дакументаў, неабходных для пачатку будаўніцтва. Акрамя таго, выключаюцца абавязацельствы па страхаванню будаўніцтва, якія павялічваюць кошт квадратнага метра жылля.

Прыбытак арганізацыі‑забудоўшчыка пры будаўніцтве жылля для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, вызначаецца ў памеры да 5 працэнтаў ад каштарыснай вартасці аб’екта. Гэта норма дасць магчымасць прыцягнуць дадатковыя інвестыцыі грамадзян і юрыдычных асоб у долевае будаўніцтва. Такі падыход дазволіць рэгуляваць кошт будаўніцтва жылля для грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Гэтаму таксама будзе садзейнічаць прывязка фіксаванай цаны да статыстычных індэксаў змянення кошту будаўніча‑мантажных работ.

Забудоўшчыку дазваляецца скасоўваць дагаворы з нядобрасумленнымі дольшчыкамі, якія не ўносяць плату за будаўнічыя работы або не даюць згоды на абгрунтаванае змяненне цаны аб’екта. Гэта дасць магчымасць ажыццяўляць своечасовае фінансаванне і будаўніцтва жылых дамоў, а таксама абароніць права добрасумленных дольшчыкаў на атрыманне жылля ў запланаваныя тэрміны. Будуць таксама зніжаны штрафы, якія накладаюцца на забудоўшчыкаў.

Юрыдычным асобам прадастаўляецца права на ўдзел у долевым будаўніцтве жылля без абмежаванняў, што дасць магчымасць ім будаваць кватэры для сваіх работнікаў, ствараць фонд службовага жылля для прыцягнення асабліва каштоўных спецыялістаў, аператыўна вырашаць пытанні развіцця вытворчасці і калектыву.

Указ таксама дазваляе перадачу месц агульнага карыстання асобе, упаўнаважанай мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, калі на момант уводу дома ў эксплуатацыю таварыства ўласнікаў не створана. Пры гэтым у дакуменце канкрэтызаваны парадак падрыхтоўкі неабходных для гэтага дакументаў, якія ўключаюць тэхнічны пашпарт на аб’ект будаўніцтва.

Указ у больш поўнай меры ўлічвае патрабаванні нарматыўных актаў стварэння аб’ектаў долевага будаўніцтва з улікам нежылых памяшканняў і іншых элементаў, якія адносяцца да жылога дома ў адпаведнасці з зацверджаным праектам на яго будаўніцтва.

Для ўліку рэгіянальных асаблівасцей будаўніцтва жылых дамоў долевым спосабам Тыпавы дагавор стварэння аб’екта долевага будаўніцтва заменены на Прыкладны.

Акрамя таго, указам уносяцца змяненні ў дадаткі да Прыкладнага дагавора стварэння аб’екта долевага будаўніцтва. У прыватнасці, дапоўнены паказчыкі характарыстык аб’екта, патрабаванні канчатковага разліку з дольшчыкам толькі па фактычнай плошчы, удакладнены парадак разліку затрат забудоўшчыка на будаўніцтва аб’екта долевага будаўніцтва і паслуг забудоўшчыка, не ўключаных у зводны каштарысны разлік кошту будаўніцтва і яго эксплуатацыі да перадачы дольшчыку. Для павышэння адказнасці забудоўшчыка за якасць будаўніцтва ў асобны дадатак да акта прыёмкі‑перадачы аб’екта долевага будаўніцтва вынесены пералік заўваг па аб’екту долевага будаўніцтва з называннем тэрміну іх устаранення.

Такім чынам, прапанаваныя ва ўказе змяненні і дапаўненні даюць магчымасць, з аднаго боку, зацікавіць забудоўшчыкаў у развіцці долевага будаўніцтва жылля, а з другога — у поўнай меры забяспечыць інтарэсы грамадзян‑дольшчыкаў.

Указ уступае ў сілу з дня апублікавання. Яго дзеянне распаўсюджваецца ў тым ліку на дагаворы стварэння аб’ектаў долевага будаўніцтва, заключаныя пасля ўступлення ў сілу ўказа ад 15 чэрвеня 2006 года нумар 396.

Паводле БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0