Вулічная акцыя «Чарнобыльскі шлях», якая штогод праводзіцца дэмакратычнымі сіламі 26 красавіка, пройдзе пад лозунгам «Не — расійскай ядзернай пагрозе», паведаміў адзін з заяўнікаў мерапрыемства, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч 10 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

У Мінгарвыканкам пададзеная заяўка на правядзенне акцыі ў наступным фармаце: збор каля кінатэатра «Кастрычнік» з 14.00 да 15.00 і шэсце па вуліцы Сурганава да царквы ў гонар абраза Божай Маці «Спатоленне загінулых», размешчанай побач з паркам Дружбы Народаў. Пад заяўкай падпісаліся Янукевіч, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, першы намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч, намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук і актывіст руху салідарнасці «Разам» Ілья Дабратвор.

Мітынг сёлета ініцыятары акцыі вырашылі не праводзіць. «Такое рашэнне прынятае ў сувязі з тым, што мінулыя гады міліцыя перашкаджала праносіць на мітынг гукаўзмацняльную апаратуру, а само месца правядзення мітынгу было агароджанае і не ўсе ўдзельнікі мерапрыемства хацелі праходзіць працэдуру надгляду», — сказаў Янукевіч.

Кучук назваў лозунг акцыі «вельмі актуальным». «Будаўніцтва АЭС у Беларусі вядзе расійская кампанія «Расатам». Якасць гэтага будаўніцтва выклікае сумненне», — лічыць ён.

«З Расіі гучаць заявы, што яна гатовая прымяняць ядзерную зброю. Гэта небяспечна не толькі для Беларусі, але і ўсяго свету», — дадаў Дабратвор.

Рымашэўскі акцэнтаваў увагу на палітыцы ўладаў, якая дазваляе засейваць землі, забруджаныя пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС. «Калі ўлады лічаць гэта нармальным, то няхай перанясуць свае дамы ў Брагін і Нароўлю, пабудуюць сабе зоны адпачынку і «аздараўляюцца» там са сваімі дзецьмі», — адзначыў ён, паведаміўшы, што аргкамітэт БХД рыхтуе адпаведны зварот да ўладаў.

Губарэвіч падкрэсліў, што сённяшнія ўлады і людзей, якія былі ва ўладзе ў год аварыі на ЧАЭС, аб'ядноўвае «непадкантрольнасць грамадству і абыякавасць».

«Чарнобыльскі шлях» — вулічная акцыя, якую беларуская апазіцыя праводзіць у Мінску штогод з 1988 года ў фармаце шэсця і завяршальнага мітынгу. Выключэннем быў 2011 год, калі сталічныя ўлады забаранілі шэсце, даўшы дазвол толькі на правядзенне мітынгу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?