Двое жыхароў Бабруйска абвінавачваюцца ў серыйных крадзяжах будаўнічага інструмента, паведаміла намеснік начальніка аддзела па расследаванні злачынстваў супраць уласнасці ўпраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Жанна Барысенка.

«Следствам устаноўлена, што 42-гадовы жыхар Бабруйска, раней неаднаразова судзімы, на працягу 2013-2014 гадоў здзяйсняў крадзяжы будаўнічага інструмента як у адзіночку, так і разам са змоўшчыкам, раней не судзімым бабруйчанінам», — паведаміла яна.

Днём падазраваны на ровары аб'язджаў бліжэйшыя прыватныя новабудоўлі, прыглядаўся, часам нават заводзіў размовы з будаўнікамі, казаў, што нібыта заблудзіўся, і пытаўся правільную дарогу. Пакуль яму давалі ўказанні, мужчына прыкмячаў, які інструмент выкарыстоўваюць на будпляцоўцы.

Пасля дзённага рэйду ён выбіраў аб'ект для крадзяжу і вяртаўся туды на ровары ноччу. Падазраваны пранікаў у памяшканне па будаўнічых лясах праз дах, шляхам адціскання дзверы або вакна альбо праз дзірку, якую праломваў у драўлянай сцяне. Адзін раз ён нават скарыстаўся дзвярным лазам для сабак. Будаўнічыя інструменты для выкрадання выбіраліся прыдзірліва — толькі новыя і дарагія. Перавага аддавалася бензагенератарам, зварачным апаратам, вуглешліфавальным машынкам, электрарубанкам, дрылям. Працаваў мужчына ў пальчатках. Вывезці нарабаванае на ровары было немагчыма, таму перыядычна падазраваны прыцягваў свайго знаёмага з аўтамабілем, якому казаў, куды прыехаць і дзе яго чакаць.

Пагрузіўшы скрадзенае, змоўшчыкі адвозілі яго дадому, а на наступную раніцу прадавалі на «птушыным рынку». Пакупнікам адзін з іх падрабязна распавядаў пра тэхнічныя характарыстыкі прадаваных будаўнічых інструментаў, якія напярэдадні вывучыў ў інтэрнэце. Цану на выкрадзенае ён таксама трымаў досыць высокую, і ў спажыўцоў не ўзнікала асаблівых пытанняў аб паходжанні тавару. Адсутнасць суправаджальнай дакументацыі ён тлумачыў тым, што згубіў яе.

Усяго змоўшчыкі здзейснілі 29 крадзяжоў на агульную суму больш за Br200 млн. Пасля затрымання яны прызналі сваю віну і далі падрабязныя паказанні. Іх дзеянні кваліфікаваныя па ч.3 арт.205 КК Беларусі (крадзеж, учынены ў буйным памеры).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?