Самымі страшнымі ўдарамі для эканомікі так званых «ЛНР» і «ДНР» сталі не знішчэнне інфраструктуры і масавая міграцыя, а адмова расейскага бізнесу падтрымліваць стасункі з прадпрыемствамі, якія яшчэ працуюць на «вызваленых брацкіх тэрыторыях», піша луганскі прадпрымальнік Андрэй Недавес.

«Назавіце мне хоць аднаго дырэктара, майго земляка, які б пасля адмовы працягнуць шматгадовую дамову з расейцамі не пачуў бы магічны сказ «мы не можам рызыкаваць, у вас вайна»… Некаторыя браты і шматгадовыя партнёры пайшлі далей, яны нават вырашылі не плаціць яшчэ за даваенныя (!) пастаўкі, разумна палічыўшы, што прадпрыемства з ЛНР — не самы моцны праціўнік у судзе», — зазначыў Недавес, які дагэтуль жыве ў Луганску і ўваходзіць у назіральную раду завода «Аўтамотазапчастка». 

Ён адзначае, што нішы расейскага рынку, на якіх раней працавалі луганскія заводы, цяпер у асноўным занялі расейскія і замежныя канкурэнты.

«Трэба быць поўным аслом, каб лічыць, што гуманітарныя канвоі і канцэрты Кабзона выцягнуць амаль знішчаную прамысловасць рэгіёну… Так, нашы браты па славянскай крыві ў Піцеры і Омску збіраюць для нас прадукты і вопратку, але скажы жыхару Растова Сяргею, што яму не трэба выходзіць заўтра на працу, бо толькі так можна даць працу луганчаніну Алегу — і, баюся, можаце не паспець адхіліцца», — дадае аўтар.

«Часта задаю сабе пытанне: дзе гэтая тонкая мяжа паміж «братэрствам» і «ўласнай кашуляй», паміж «рускім светам» і «маёй хатай», той, якая, як вядома, з краю… Затое не далі знішчыць «маральныя скрэпы», абаранілі, гэтак кажучы. Ну, а з эканамічнымі скрэпамі… Чакаем чарговы гумканвой і прабіваем галавой сцяну. Уласнай галавой братэрскую сцяну», — напісаў Недавес.

Трэба адзначыць, што, калі б спадар Недавес і ягоныя землякі лепш сачылі за эканамічнымі войнамі паміж Беларуссю і Расіяй, у яго б пытанні наконт маскоўскага «братэрства» з'явіліся куды раней. І, магчыма, адсутнасць ілюзій адносна ўсходняга суседа паспрыяла б захаванню міра і эканамічнага дабрабыту ў Луганску і Данецку вясной 2014 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?