31 студзеня скончыла працу ў Беларусі місія Дэпартамэнта грашова‑крэдытных сыстэмаў і рынкаў капіталу Міжнароднага валютнага фонду (МВФ). Місія дапамагала ў распрацоўцы стратэгіі кіраваньня зьнешняй пазыкай краіны. Нацыянальнаму банку і Міністэрству фінансаў Беларусі былі прадстаўленыя адпаведны рэкамэндацыі. Варта адзначыць, што ад 1995 г. Беларусь не атрымлівае ад МВФ крэдытаў. Прычына — эканамічная палітыка ўраду не адпавядае рэкамэндацыям фонду. Да 1995 г. Беларусь атрымала два крэдыты паводле праграмы сыстэмных трансфармацыяў і крэдыт stand‑by на агульную суму $269,7 млн.

Зьнешнія абавязальніцтвы эканомікі Беларусі ў трэцім квартале 2007 г. узрасьлі на 4,4% да $9,676 млрд па стане на 1 кастрычніка, што складае 22,7% да ВУП. У абсалютным выражэньні зьнешняя пазыка Беларусі па выніках трэцяга кварталу павялічылася на $404,5 млн, а па выніках трох кварталаў 2007 г. — на $2,936 млрд.

Тым часам, Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця прагназуе замаруджваньне тэмпаў эканамічнага росту ў Беларусі да 6,5‑7% і рост інфляцыі да 13%. Урад Беларусі ў бягучым годзе плянуе павялічыць ВУП на 11%, інфляцыю мяркуецца ўтрымліваць у межах 6‑8%. У 2007 г. ВУП Беларусі павялічыўся на 8,2%, інфляцыя склала 12,1%.

Разам з тым, вядучы эканаміст ЭБРР Аляксандар Пляханаў адзначыў, што ў цэлым беларуская эканоміка вытрымала энэргетычны шок на пачатку мінулага году. Аднак нечаканым стаўся рост інфляцыі напрыканцы году. На яго думку, тэндэнцыя гэтая захаваецца цягам бягучага году.

Акрамя таго, экспэрт адзначыў падаражаньне цаны зьнешніх пазыкаў, што можа нэгатыўна адгукнуцца на тэмпах эканамічнага росту краіны.

СП, паводле bsb.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0