22 студзеня 2008 г. на мяжы з Украiнай, невядомы грамадзянiн спрабаваў праз пункт спрошчанага пропуску ўвезьцi на ровары партыю хвалiстых папугаяў. Убачыўшы беларускiх памежнiкаў, кантрабандыст кiнуў свой груз і зьбег. У 6 клетках памежнікі налічылі 277 папугаяў. Дзьве птушкi не вытрымалi ўмоў утрыманьня. Птушак перадалі ў вэтэрынарную службу. Прыкметаў птушынага грыпу ў папугаяў не выявілі.

У сваёй заяве Цэнтральная рада Беларускай партыі «Зялёных» адзначае непасьлядоўнасьць дзеяньняў беларускіх памежных службаў: «Яшчэ 23 студзеня Камітэт памежных войскаў афіцыйна смуткаваў з нагоды, што папугаяў перавозілі «як шпроты у бляшанках» і што гэта было «чыстае барбарства», з‑за чаго загінулі дзьве птушкі. Прадстаўнік памежнага камітэту заявіў, што «птушкі будуць перададзеныя для рэалізацыі ў заалягічных крамах». Аднак ужо 24 студзеня берасьцейскія памежныя вэтэрынары рапартавалі пра «утылізацыю» 275 папугайчыкаў, што выжылі, у сувязі «з эпідэміялягічнай сытуацыяй з птушыным грыпам у сьвеце».

«Такія адносіны да высокаарганізаваных жывых істотаў ня маюць апраўданьня. Забойства здаровых птушак, якія ня мелі ніякіх прыкметаў птушынага грыпа, зьяўляецца барбарствам і парушэньнем Грамадзянскага Кодэксу Беларусі, згодна якому дзяржава альбо іншы часовы ўладальнік безнаглядных хатніх жывёл набывае права валодаць імі толькі ў выпадку, калі цягам шасьці месяцаў не будзе адшуканы былы ўладальнік» — гаворыцца ў заяве БПЗ.

Рада партыі падкрэсьлівае, што выпадкі парушэньня гэтай нормы, як і забойства здаровых жывёл робяцца звыклай справай.

Беларуская Партыя «Зялёныя» патрабуе неадкладнай распрацоўкі і прыняцьця Закону «Аб ахове жывёл ад жорсткага абыходжаньня» замест Закону «Аб абыходжаньні з жывёламі», што на сёньня знаходзіцца ў парлямэнце. «Зялёныя» таксама патрабуюць вяртаньня ў Крымінальны кодэкс крымінальнай адказнасьці за жорсткае абыходжаньне з жывёламі, што прывяло да іх сьмерці і выкананьня Грамадзянскага кодэкса аб ахове безнаглядных жывёл. Без выкананьня гэтых відавочных крокаў Беларусь ня можа лічыцца ні прававой, ні дэмакратычнай дзяржаваў, падкрэсьліваецца ў заяве Цэнтральнай рады Беларускай партыі «Зялёных».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?