Вынікі баявой працы беларускіх добраахвотнікаў — падбіты танк і грузавік «ДНР» ФОТАФАКТ
Байцы-беларусы, якія абараняюць вёску Пяскі пад Данецкам, апублікавалі ў facebook фота, на якіх зафіксаваныя вынікі атакі прарасійскіх баевікоў у нядзелю, 12 красавіка.

«Зараз гэта ўжо можна друкаваць: на фотках добра бачная ўскраіна Данецка, вежы мінарэта і вежы-блiзняты; стаiць падбiтая тэхнiка «ваты»; у рэале былi магутныя выбухi БК сепараў», — напісана ў паведамленні суполкі Згуртавання патрыётаў.
На праваслаўны Вялікдзень баевікі абстралялі вёску Пяскі з цяжкай артылерыі і мінамётаў, а потым пайшлі ў атаку пры падтрымцы 2 танкаў.

Адзін танк быў падбіты агнём добраахвотнікаў Правага сектара, у складзе якога ваююць і беларусы, загарэўся таксама грузавік з пяхотай.

У выніку атакуючыя згубілі 12 чалавек забітымі і 15 параненымі, танк, грузавік і мікрааўтобус.
«Пра страты сепараў ведаем з перахопленых радыёперамоваў банды «ўсход», яны і папрасілі перамір'е», — паведамілі беларускія добраахвотнікі.
У выніку паўстала праблема — за падбіты танк ад украінскага ўрада мусіць быць выплачаная прэмія, але афіцыйна на фронце фармаванняў Правага сектара ўжо няма. Суседняя ж частка ўкраінскай рэгулярнай арміі, ад якой начальства патрабуе прозвішча героя, які падбіў танк, адмаўляецца запісваць сабе чужыя заслугі.
Беларусы ў Пясках змагаюцца ў складзе першай штурмавой роты 5-га батальёна Добраахвотніцкага ўкраінскага корпуса «Правы сектар».
Каментары