На беларускіх экранах расейскае кіно займае другое месца пасьля амэрыканскага. Лазяцца прэм’еры, суседзкія фільмы старанна рэклямуюцца, пракат мае вялікую касу.

Штотыдзень гледачам прапануюцца дзьве—тры сьвежыя расейскія стужкі, зборы ад «Іроніі лёсу‑2» перавысілі 40 млн. даляраў, а бюджэт сярэдняга расейскага фільму, найвыгаднейшы для прадусараў, складае, са словаў Андрэя Курэйчыка, $2—3 млн (траціна гадавога прыбытку ўсяго беларускага пракату).

poster«9 рота» і «Код Апакаліпсісу», «Самы лепшы фільм» і «Сволачы», «12» і «1612», «Стацкі дарадца», «Турэцкі гамбіт», «Начны дазор», «Ваўкадаў», «Антыкілер»

Пасьля крызісу 1990‑х расейскае кіно імпэтна засвоіла рынак і агрэсіўна пераймае галівудзкія вынаходкі.

Чым камэрцыйны расейскі фільм розьніцца ад адпаведнага амэрыканскага? Здаецца, усё тое ж: бюджэт, рэкляма, эфэкты, жанр, але не пакідае пачуцьцё, што нешта ня так.

Масавае кіно заўжды тавар.

Спраўна працуюць расейскія кінашколы, выходзяць кіначасопісы, тэлеканалы патрабуюць усё болей і болей «мыла».

Нельга гаварыць і пра адсутнасьць традыцый. У 1920‑я Расея стала вялікай кінадзяржавай. З таго часу яна заўжды была адметная аўтарскім кіно, але й жанравае кіно не было забытае (фільмы Гайдая, Матыля й Мяншова). А фільмы Аляксандрава («Цырк», «Волга‑Волга», «Вясна») — сталінскія казкі, якія й сёньня глядзяцца зь цікавасьцю.

Расейскае кіно заставалася жывым да канца 90‑х, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы. Потым адбыўся надлом.

Першай ластаўкай «пуцінскага кіно» была карціна Мікалая Лебедзева «Зорка» (2002).

Рэжысэр зьвярнуўся да забытай аповесьці Э. Казакевіча, ужо стаўленай у сталінскія 50‑я. Расейская публіка прыхільна прыняла гераічны эпас з хічкокаўскімі прыёмамі, а на Захадзе гледачы біліся ў гістэрыцы: «Хто даслаў сюды гэтую савецкую архаіку?» Вайсковы патас выклікаў рогат, але савецкія людзі пускалі сьлязу.

Казкі сталінскіх часоў вярнуліся з «Ваўкадавам». Стужка таксама пастаўленая Мікалаем Лебедзевым. Спэцэфэкты, народныя касьцюмы, магія і вайна. У 1952 г. былінны «Садко» выклікаў захапленьне ў Вэнэцыі, малады Фрэнсіс Форд Копала вучыўся на ім перамантажу. «Ваўкадаў» цікавы толькі расейскай аўдыторыі, што зачытваецца фэнтэзі — і прагне рэваншу.

Пуцінскае кіно — «патрыятычнае».

Амэрыканскае кіно таксама патрыятычнае. Галівудзкія фільмы — бязьлітасны гімн амэрыканскаму ладу жыцьця. Абавязкова ёсьць сям’я й яе каштоўнасьці, абавязкова маецца на ўвазе Бог (справядлівы судзьдзя), абавязкова прамільгне ў кадры амэрыканскі сьцяг.

Але галівудзкае кіно ідзе нарасхват. Яго глядзяць у Швэцыі, камуністычным Кітаі й тэакратычным Іране. Нават «Дзень Незалежнасьці» Роланда Эмэрыха, дзе амэрыканскі прэзыдэнт узначальвае сілы Зямлі супраць іншаплянэтнікаў, — не выклікае нуды.

А вось на пуцінскі «07 мяняе курс» не загоняць нават расейскіх школьнікаў.

У галівудзкім кіно ёсьць унівэрсальны чалавек, які дзейнічае. Можна атаясаміцца з былым паліцэйскім, які шукае скрадзеную дачку, паспачуваць хатняй гаспадыні, якая згубіла мужа. «Патрыятычныя знакі» ня ёсьць зьместам амэрыканскіх карцін, яны зьяўляюцца самі сабой — як звыклы лад жыцьця.

У цэнтры ж пуцінскага кіно — натужлівы «патрыятычны знак». Героі спачуваюць «дзяржаўнасьці», хвалююцца за «імпэрскую ідэю», пераймаюцца «саборнасьцю». Не чалавек, а мундзір, не герой, а пасада, ня воля, а інструкцыя.

poster«Стацкага дарадцу» параўновалі з зомбі‑фільмам. Так яно й ёсьць. Фандорын у выкананьні Меншыкава і пад апекай Міхалкова — як труп на дзяржаўнай службе.

Нават адмысловыя эфэкты ў «Дазорах» — не забава, а сур’ёзная ідэалягічная задача: паказаць, якая Расея «крутая» і што яна таксама можа. А «Іронія лёсу‑2» — зацягнуты рэклямны ролік шчасьлівага жыцьця пад піцерскім кіраўніцтвам. Як расейскі капіталізм быў зацугляны ГБ, так і камэрцыйнае кіно стала партрэтам калектыўнага Пуціна.

Ні рэжысэры, ні іх пэрсанажы ня вераць у тое, пра што гавораць — і што пакліканыя абараняць зь пенаю ля роту. Фандорыны з патухлымі вачыма, яны падпарадкоўваюцца, але ня ведаюць, дзеля чаго. Шараговыя агенты дзяржавы, якой няма, Штырліцы без тэстыкулаў.

У гэтым іх прынцыповае адрозьненьне і ад амэрыканцаў‑індывідуалістаў, і азіятаў‑калектывістаў — якія зьбіраюць каманды кун‑фу, каб паказаць, што «іх школа найлепшая».

У «баявых манахаў Шааліню» і «Сямі самураяў» свой статут гонару і аўтаномія — якой ня можа быць у пуцінскіх чыноўных макетаў.

Справядліва зазначыць, што на фоне бадзёрых расейскіх карцінаў беларускія выглядаюць яшчэ горш. Нэасталінскую «Радзіму альбо сьмерць» саромеюцца паказваць у кінатэатрах, чаргінцоўскае «Вам заданьне» зрабіла бы фурор на любым трэш‑фэсьце.

Мы былі першымі ў вяртаньні занудлівага сталінскага канону, дай Бог станемся першымі і ў вызваленьні ад яго.

Але Расею шкада.

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?