300 жыхароў цэнтру сталіцы пратэставалі супраць прымусовага адсяленьня.

Ідэя сталічных уладаў адсяліць вуліцу Маркса ў самым цэнтры гораду выклікала прадказальны пратэст яе заможных жыхароў. У суботу каля кавярні «Грунвальд» сабраўся першы пікет. Каля 300 разьюшаных жыхароў, якія стаяць перад пэрспэктывай страты дзясяткаў тысяч даляраў на пераезьдзе ў спальныя раёны, выйшлі на вуліцу з транспарантамі «Александр Григорьевич, защитите пенсионеров».

Паводле задумы гарвыканкаму, вуліца Маркса мае стаць пешаходнай. Чыноўнікі задумалі пад шумок асвоіць каштоўныя кавалкі зямлі. Фармальнае права перасяліць жыхароў яны маюць -- уласнасьць у Беларусі ня ёсьць недатыкальнай. Каб вызваліць месца пад гатэль з казіно – выпадак аналягічны з бэрнардынамі -- яны маюць выселіць жыхароў з васьмі дзясяткаў кватэраў. Аднак калі на абарону старажытнага кляштара ўстала толькі жменька каталікоў і моладзі, на Маркса ўладам прыйдзецца мець справу з сотнямі абураных жыхароў.

У якасьці новае айчыны ім прапаноўваецца мікрараён Лошыца на ўскрайку Менску. Але цана квадратнага мэтра жытла на Маркса складае $3700 даляраў, а ў Лошыцы -- толькі $2000. Дый рушыць зь месца, дзе жыцьцё пражылі, няма ахвотных.

Пратэст быў арганізаваны: “марксісты” загадзя нарыхтавалі плякаты.

Людзі ў натоўпе прысягалі, што «лягуць касьцьмі, але не выедуць». Некаторыя зь іх набылі тут жытло нядаўна, нарабіўшы пазык.

Актыўны ўдзел у пратэсьце браў пісьменьнік Уладзімер Арлоў, што жыве тутсама. Ён трымаў плякаты «Толькі ў роднай кватэры напішу бэстсэлер». Іншы чалавек прыйшоў з цытатай з «Раскіданага гнязда»: «Ніхто нас адсюль ня згоніць і ня выстрашыць». Героі Купалы, як вядома, свайго котлішча не ўсьцераглі. Жыхары вуліцы Маркса спадзяюцца на лепшае.

Да пратэстоўцаў прыбылі намесьнік кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёну Аляксандар Красуцкі, дырэктар УКБ Ленінскага раёну Леанід Казакоўскі і прадстаўнік «Менскпраекту» сп.Рыбнікаў. Чыноўнікі пераконвалі, што праект па высяленьні пакуль не зацьверджаны. У адказ мітынгоўцы паказалі чыноўнікам копію дакумэнту, у якім значыцца: «жыхары дамоў супраць рэканструкцыі вуліцы... таму плянуецца іх высяленьне». Дакумэнт быў падпісаны тымі ж чыноўнікамі, якія прыйшлі на сустрэчу.

Пасьля кароткай паўзы чыноўнікі прапанавалі сустрэцца яшчэ раз «у спакойнай абстаноўцы».

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?