Кадр з фільма «Дзіця №44». 

Кадр з фільма «Дзіця №44». 

У Расіі адменены пракат фільма «Дзіця №44» за дзень да запланаванага рэлізу фільма ў кінатэатрах. Фільм «Дзіця №44» (у арыгінале Child 44, пракатная назва ў Беларусі «Нумар 44») расказвае гісторыю пра афіцэра савецкай выведкі Льва Дзямідава, які расследуе серыйныя забойствы дзяцей у 1952 годзе. Фільм зняў шведскі рэжысёр Даніэль Эспіноса, галоўныя ролі выканалі Том Хардзі, Гэры Олдмэн, Нумі Рапас.

Расійскі пракатчык фільма «Цэнтрал Партнершып» і Мінкульт Расіі заявілі, што фільм пазбаўлены пракатнага пасведчання, бо недакладна перадае гістарычныя падзеі.

«Па выніках прэс-прагляду ў Міністэрства культуры РФ паступілі пытанні, якія тычацца зместу фільма, у першую чаргу скажэння гістарычных фактаў і своеасаблівых трактовак падзей да, падчас і пасля Вялікай Айчыннай вайны, а таксама вобразаў і характараў савецкіх грамадзян той гістарычнай эпохі. […] Пасля дадзенага прагляду меркаванне пракатчыкаў і прадстаўнікоў Мінкультуры супалі: пракат падобнага роду фільмаў напярэдадні 70-годдзя Перамогі недапушчальны», — гаворыцца ў сумеснай заяве «Цэнтрал Партнершып» і Міністэрства культуры Расіі.

Пісьменнік Том Роб Сміт, чый бестсэлер «Дзіця №44» стаў асновай для фільма, заявіў, што на напісанне рамана яго падштурхнулі злачынства Андрэя Чыкаціла. Аднак ён таксама прызнаўся, што адным з «галоўных герояў з'яўляецца савецкая Расія — жудасная сумесь жаху і абсурду». 

Як паведамляе tut.by, у Беларусі фільм таксама не выйдзе на экраны, хоць некалькі гадзін таму «Нашай Ніве» ва УП «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама яшчэ пацвердзілі факт прэм'еры, якая чакалася 16 красавіка.

Стужка не будзе дэманстравацца і ў прыватнай сетцы Silverscreen.

Як распавёў Васіль Коктыш, генеральны дырэктар унітарнага прадпрыемства «Кінавідэапракат», рашэнне забараніць да паказу фільм у Беларусі прыняў расійскі бок — кампанія «Цэнтрал Партнершып». Па дамове з дыстрыб'ютарам УП «Кінавідэапракат» можа выставіць штрафныя санкцыі за зрыў паказу, аднак рабіць гэтага не будзе, бо страт прадпрыемства не панесла.

Па словах Коктыша, фільм не меў камерцыйнага патэнцыялу, паказваць яго планавалі на працягу тыдня ў пяці кінатэатрах сталіцы.

«У «Доме кіно» было два квіткі прададзена, у «Беларусі» восем квіткоў, у «Аўроры» наогул продажаў не было. Страт няма, але гэтай забаронай стварылі ажыятаж, і цяпер фільм будуць масава глядзець у інтэрнэце», — заўважыў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?