Заходнія санкцыі супраць Расіі могуць быць адмененыя толькі ў тым выпадку, калі Масква выканае пагадненне аб спыненні агню, падпісанае ў лютым у Мінску, і будзе паважаць суверэнітэт Украіны.

Пра гэта гаворыцца ў сумесным камюніке, якое міністры замежных спраў краін G7 (ЗША, Германія, Францыя, Італія, Канада, Вялікабрытанія, Японія) прынялі ў сераду на сустрэчы ў нямецкім горадзе Любек, перадае Reuters.

Reuters

Reuters

«G7 падкрэслівае цесную сувязь паміж поўным выкананнем Мінскіх пагадненняў і міжнароднымі санкцыямі», — падкрэсліваецца ў дакуменце.

«Санкцыі не з'яўляюцца самамэтай: іх працягласць павінна быць дакладна ўвязаная з поўнай рэалізацыяй Расіяй Мінскіх пагадненняў і павагай суверэнітэту Украіны», — адзначылі кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў.

Міністры віталі першыя крокі Украіны і Расіі на шляху да выканання пагаднення аб спыненні агню, адзначыўшы «неабходнасць адчувальнага і хуткага прагрэсу ва ўрэгуляванні дэталяў, якія засталіся».

Яны заклікалі ўсе бакі выконваць дамоўленасці, а таксама да «далейшага і рэальнага прагрэсу» ў пытаннях спынення агню і вываду цяжкіх узбраенняў. Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў таксама заявілі, што Расія павінна скарыстацца сваім «значным уплывам» на баевікоў.

Пасля сустрэчы ў Любеку міністр замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер назваў выкананне Расіяй Мінскіх пагадненняў умовай яе вяртання ў пашыраную групу G8. Ён нагадаў, што менавіта дзеянні Расіі ва Украіне прывялі да прыпынення яе ўдзелу ў «васьмёрцы».

«З майго боку няма інтарэсу, як і, наколькі я ведаю, ні ў каго іншага, праводзіць палітыку стрымлівання ці нават ізаляцыі Расіі, — сказаў Штайнмаер. — Мы б вельмі хацелі, каб наступілі ўмовы, пры якіх Расія магла б зноў прыняць ўдзел у G8».

«Але застаецца факт, што шлях да гэтага праходзіць праз выкананне Мінскіх пагадненняў і ўрэгуляванне канфлікту ва Украіне і выкананне абавязацельстваў, якія Расія на сябе прыняла. Пра гэта не можа быць спрэчкі. Такое агульнае меркаванне ў G7», — заявіў нямецкі міністр на прэс-канферэнцыі.

У 2014 годзе пасля анексіі Крыма краіны «Вялікай васьмёркі» вырашылі не дасылаць сваіх лідараў на саміт нефармальнага клуба развітых краін у Сочы і сабраліся ў Бруселі без удзелу прадстаўнікоў Расіі. Пасля гэтага «васьмёрка» ператварылася ў «сямёрку».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?