Дырэктар польскага спадарожнікавага тэлеканала «Белсат», які вяшчае на Беларусь, Агнешка Рамашэўска-Гузы ўпершыню за 10 гадоў змагла атрымаць дазвол на ўезд у Беларусь і ўжо некалькі дзён падарожнічае па краіне, сустракаючыся з сябрамі, якіх не бачыла доўгі час.

spring96.org

У інтэрв'ю БелаПАН яна паведаміла, што паспела наведаць Гродна, Пінск, Нясвіж і Мінск, наперадзе яе чакае экскурсія па Магілёве. «Сябры запланавалі для мяне вельмі вялікі маршрут паездкі. Калі буду ехаць назад, заеду ў Мір, паглядзець на помнікі, славутасці, з людзьмі паразмаўляць, проста адчуць, чым цяпер дыхаюць беларусы», — зазначыла Рамашэўска-Гузы.

Для дырэктара тэлеканала «Белсат» наведваць Беларусь пасля такога перапынку вельмі важна і цікава, бо «можна чытаць навіны і думаць, што ты ўсё ведаеш пра краіну, але пакуль не паглядзіш сваімі вачыма, як сталі жыць людзі, як яны сябе паводзяць, па-сапраўднаму зразумець, што тут адбываецца, немагчыма».

«Я вельмі рада прыезду. Гэта вялікая радасць для чалавека сустрэць сваіх сяброў пасля дзесяці гадоў перапынку. Я ўжо казала, што вельмі ўдзячная спадару Лукашэнку за тое, што ён мяне ўпусціў. Калі б ён мяне не трымаў дзесяць гадоў, я б такой удзячнай не была», — сказала яна.

Разважаючы аб тым, чаму прадстаўнікі беларускай улады ўсё ж вырашылі выдаць ёй уязную візу, Рамашэўска-Гузы выказала меркаванне, што гэта можа быць звязана з чарговым вітком лібералізацыі ў Беларусі перад прэзідэнцкімі выбарамі.

«Немагчыма, каб мяне проста прагледзелі, бо раней у консульстве Беларусі ў Варшаве мне адмаўлялі два або тры разы, — сказала дырэктар «Белсата». — Хутчэй, гэта вынік нейкай лібералізацыі. Хтосьці проста не захацеў рабіць скандал, падумаў, што нічога страшнага не здарыцца — прыедзе, паглядзіць, з людзьмі пагутарыць і з'едзе. І правільна падумалі, ну што я тут змагу зрабіць, ужо дакладна не рэвалюцыю».

Паводле яе слоў, гэты віток лібералізацыі «Белсат» выкарыстае таксама для таго, каб у чарговы раз паспрабаваць акрэдытаваць у Беларусі сваіх карэспандэнтаў. Тым не менш, ніякай упэўненасці ў тым, што гэтае прадпрыемства будзе паспяховым, у яе няма, бо «трэба разумець, што гэтая сістэма непрадказальная».

У лістападзе 2012 года тэлеканалу скарацілі фінансаванне, і «Белсат» быў вымушаны шукаць дадатковых спонсараў, каб вярнуць ранейшы аб'ём вяшчання. Праз некаторы час тэлеканалу ўдалося адшукаць для гэтага сродкі. Аднак сёння «Белсат» зноў на парозе эканамічных цяжкасцяў.

«Апошнія два гады фінансавыя справы ў канала ішлі добра, бо былі донары са Швецыі, Нарвегіі, іншых краін Еўропы, — сказала Рамашэўска-Гузы. — Але сёння мне зноў прыходзіцца непакоіцца, бо ў нас кепская інфармацыя з Еўракамісіі. Пакуль я не разумею, што да чаго, буду разбірацца, калі вярнуся ў Варшаву. Хтосьці не разумее, што ў такі час, у які мы цяпер жывем, наша інфармацыя вельмі важная з улікам засілля расійскай прапаганды».

На думку дырэктара «Белсата», для расійскага інфармацыйнага ўплыву Беларусь вельмі важная і ўразлівая, у гэтым плане яе ў нейкім сэнсе можна параўнаць з Данбасам, бо і там, і там застаецца высокім узровень саветызацыі.

«Але сур'ёзнае адрозненне — гэта тое, што ў Беларусі ёсць карані, якія могуць выратаваць самасвядомасць яе жыхароў, а ў жыхароў Данбаса гэтага няма», — сказала Рамашэўска-Гузы, параіўшы шукаць ратаванне ад Расіі менавіта ў беларускіх гістарычных каранях. 

Агнешка Рамашэўска-Гузы ў снежні 2005 года была дэпартаваная з Беларусі як непажаданая персона за сваю прафесійную дзейнасць.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру