Няўдалае выступленне на турніры ў Монтэ-Карла прыкметна пагоршыла рэйтынг беларускага тэнісіста Максіма Мірнага.
З 20 красавіка ён займае 64-е месца ў парным рэйтынгу, апусціўшыся на дзевяць радкоў. Гэта найгоршы паказчык пасля 7 чэрвеня 1999 года.
На турніры ў Монтэ-Карла ў пары з балгарынам Грыгарам Дзімітравым Мірны выбыў у другім крузе (1/8 фіналу), тады як год таму разам з Міхаілам Южным з Расіі ён дайшоў да паўфіналу.
У жаночым адзіночным рэйтынгу Вікторыя Азаранка перамясцілася з 32-га на 31-е месца. На мінулым тыдні яна выступала ў Кубку федэрацыі і палепшыла рэйтынг дзякуючы змяншэнню колькасці ачкоў у суседкі — Зарыны Дзіяс з Казахстана, якая займала 31-шы радок.