Як паведамляюць іспанскія СМІ, вучань адной са школ Барселоны, узброены арбалетам і нажом, застрэліў настаўніка і параніў чатырох чалавек.

Наколькі вядома, гэта першы ў гісторыі Іспаніі выпадак забойства настаўніка вучнем.

Інцыдэнт адбыўся ў школе ім. Жуана Фуст для вучняў 12-16 гадоў, размешчанай у барселонскім раёне Ла-Сагрера. Хлопчык быў узброены арбалетам і нажом, калі ў панядзелак раніцай ён прыйшоў на ўрок.

Увайшоўшы ў клас, ён параніў настаўніцу і яе дачку, якая вучылася ў гэтай жа школе. Як паведамляецца, пачуўшы крыкі, іншы настаўнік зайшоў у клас і быў забіты стрэлам з арбалета.

Улады не раскрываюць падрабязнасцяў інцыдэнту, аднак газета El Mundo паведамляе аб тым, што забіты настаўнік спрабаваў абараніць іншых ад падлетка.

Падазраванаму, па некаторых дадзеных, 13 гадоў. Ён быў арыштаваны, але матывы нападу да гэтага часу невядомыя.

Адна з вучаніц школы, Паула Амаелас, распавяла журналістам, што ведае падазраванага, які, па яе словах, быў адзіночкай, але якіх-небудзь праблем у школе ў яго не было.

«Школьнікі часам жартавалі над ім, і, магчыма, такім чынам ён вырашыў за сябе пастаяць, — сказала Паула. — Ён быццам звар'яцеў. Шмат гаварыў пра зброю ў папярэднія дні. У яго быў спіс тых, каго ён хацеў забіць. І потым ён зрабіў гэта».

Калі пацвердзіцца, што нападніку 13 гадоў, яму не будуць прад'яўленыя абвінавачванні. Узрост крымінальнай адказнасці ў Іспаніі — 14 гадоў. Як паведаміў супрацоўнік міністэрства юстыцыі Іспаніі, у гэтым узросце падлетак можа быць адпраўлены толькі на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычную клініку, калі высветліцца, што ён пакутуе на псіхічнае захворванне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?