«Яго завуць Кірыла Сілівончык, ён з Гомельскай вобласці», — расказала «Нашай Ніве» ягоная адвакатка Юлія Баранец. Яна была адзінай, хто прысутнічаў на судзе над ім.

Ані журналістаў, ані сваякоў не было. Апошняе адвакатка тлумачыць тым, што мама і брат беларуса жывуць у вёсцы далёка ад Гомеля.

Працэс прайшоў па спрошчанай працэдуры.

Сэлфі спадара Сілівончыка з Укантакце.

22-гадовага грамадзяніна Беларусі Маскоўскі акруговы вайсковы суд асудзіў да двух гадоў калоніі-пасялення.

Малады чалавек быў прызнаны вінаватым па артыкуле «Публічнае апраўданне тэрарызму ці публічныя заклікі да яго». У Расіі справы па гэтым артыкуле падпадаюць пад юрысдыкцыю вайсковага суда, нават калі абвінавачаны — цывільная асоба.

Сісадмін публікаваў на сваёй старонцы ў сацсетцы тэксты і малюнкі у падтрымку Украіны і з асуджэннем расейскай агрэсіі.

У прыватнасці, заяўляе пракуратура, ён заклікаў «вярнуць Крым Украіне». 

На сёння Кірыла Сілівончык працягвае знаходзіцца ў СІЗА №1 горада Ніжні Ноўгарад па адрасе: 603009 Нижегородская обл., г. Нижний Новгород, пр. Гагарина, 26а, Кирилл Валерьевич Силивончик, 1992 г.р. (расійскія праваабаронцы рэкамендуюць дадаваць да адраса год нараджэння).

Адвакатка Баранец не ведае, у якой канкрэтна камеры сядзіць Сілівончык. Яна не меркавала сустракацца з ім больш, бо ён вырашыў не абскарджваць прысуд. 

Па яе словах, на наступным тыдні Галоўнае ўпраўленне выканання пакаранняў мае вызначыць, у якой калоніі-пасяленні Сілівончык мае адбыць свой тэрмін.

Калонія-пасяленне — гэта пакаранне мякчэйшае, чым беларуская «хімія». Асуджаны да яе можа працаваць, а можа і не працаваць — як сам хоча. Таксама сваякам дазваляюць пражываць разам з ім.

У сваю чаргу, па інфармацыі сваякоў Сілівончыка калонія-пасяленне будзе закрытай, але яны спадзяюцца на амністыю, што чакаецца ў Расіі.

Адвакатка кажа, што пакуль у Расіі існуюць тры праекты амністыі, і невядома, які будзе прыняты. Магчыма, больш яснасці стане на наступным тыдні.

Адвакатка адзначыла, што Сілівончык — інвалід трэцяй групы з дзяцінства.

Як можна меркаваць, у судзе Сілівончык выбраў тактыку, якая вяла да мінімізацыі прысуду. 

Беларус прызнаў сваю «віну». Гэта дало магчымасць правядзення працэсу ў спрошчаным парадку і паскоранай працэдуры. І, у сваю чаргу, прывяло да максімальна мяккага з магчымых прысудаў. Бо сам артыкул прадугледжвае нават тэрміны да пяці ці сямі гадоў турмы. Як адзначыла адвакатка, Сілівончык не мог разлічваць на ўмоўны тэрмін, бо ён не мае пастаяннага месца жыхарства ў Расійскай Федэрацыі. А ўмоўныя тэрміны ў Расіі могуць атрымліваць толькі асобы з ПМЖ.

Погляды Сілівончыка ў судзе не абмяркоўваліся.

Адвакатка адзначыла, што Сілівончык — развітая асоба. Ён спецыяліст па камп'ютарах і працаваў сістэмным адміністратарам на адным з заводаў у Ніжнім Ноўгарадзе.

Кірыла Сілівончык у Ніжнім Ноўгарадзе (Расія), які стаў для яго нешчаслівым.

У Расіі яго прывяла, мусіць, магчымасць большых заробкаў. Аднак душою ён заставаўся на радзіме.

«Прыязджаючы ў гэты горад, забываеш, што ў краіне ўсё дрэнна», — піша ён пра Мінск у сябе Укантакце.

Мяркуючы па старонцы Сілівончыка Укантакце, гэта вялікі беларускі патрыёт.

Ён не толькі перапошчваў палітычныя паблікі, але і прызнанне ў сваіх пачуццяў да дзяўчыны змясціў па-беларуску.

 

Дарэчы, ягоная каханая чакае яго. Учора, у 4-ю гадавіну іх знаёмства, яна змясціла ў сябе Укантакце шчымлівы верш і вось такое фота:

На старонцы Сілівончыка Укантакце шмат рэпостаў патрыятычных матэрыялаў з Беларусі.

Многа і рэпостаў у падтрымку Украіны.

За што ж пасадзілі хлопца? Няўжо за гэтыя карцінкі? «Не за карцінкі, а за заклікі», — кажа спадарыня Баранец.

«Якія канкрэтна?» «Я на памяць не скажу», — адказала яна і параіла шукаць на сайце Маскоўскага вайсковага суда, бо справа была адкрытай. Праўда, сама яна інфармацыі пра гэтую справу там не знайшла, кажа. Не знайшлі і мы.

Па яе словах, паседжанне было выязное, у Ніжнім. Нумара справы яна не ведае і копіі прысуду не мае.

Адвакат Баранец была прызначаная Сілівончыку следчым.

Затое «Наша Ніва» знайшла на старонцы Сілівончыка выяву, якая, магчыма, лягла ў аснову абвінавачвання. Гэта нават не фота, а малюнак. На ім украінскі салдат стаіць на расійскім сцягу і завязвае ў вузел шыі двухгаловага арла.

На нашу думку, у дадзенай выяве няма ніякіх заклікаў да тэрарызму. Аднак, магчыма, былі на ягонай старонцы нейкія іншыя выказванні радыкальнага характару, якія пасля былі выдаленыя.

Зараз сабраць больш інфармацыі пра справу і хлопца могуць толькі беларускія праваабаронцы і журналісты. «Наша Ніва» шукае дадатковую інфармацыю пра гэтую справу.

Ніякага грамадскага рэзанансу ў Расіі гэтая справа не выклікала. Адвакатка не прыпамінае, каб былі публікацыі ў СМІ ці рэакцыя праваабаронцаў.

Як мяркуе адвакатка, да Сілівончыка неўзабаве прыедзе мама забраць рэчы. «Наша Ніва» скантактавалася з дзяўчынай Кірылы, але яна адмовілася гаварыць для публікацыі. «Усё адно так, як было раней, ужо не будзе», — напісала яна.

Цяжка меркаваць, ці складана сядзець у расійскай турме чалавеку, асуджанага па такой справе і такім артыкуле.

Адвакатка меркавала, што «ў Беларусі з гэтым больш жорстка». Яна была здзіўленая, што ў нашай краіне яшчэ нікога не адправілі ў турму за заклікі і выявы, змешчаныя ў сацыяльных сетках.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?