Але праверкай гатоўнасці нашай краіны да паляпшэння адносінаў з Саветам Еўропы стане дзень прэзідэнцкіх выбараў.

Парламенцкая асамблея Савета Еўропы гатовая да дыялогу з Беларуссю. Пра гэта 21 красавіка заявіў дакладчык па Беларусі камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі Андрэа Рыгоні. У Страсбургу на паседжанні камітэта асамблеі па палітычных пытаннях і дэмакратыі прысутнічалі і прадстаўнік беларускага парламента (Мікалай Самасейка, старшыня камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў), і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці (праваабаронца Валянцін Стэфановіч і грамадскі дзеяч Алесь Лагвінец).

«Мы гатовыя да дыялогу з вамі, мы адкрытыя для гэтага. Вельмі важна закласці асновы для дыялогу. Наш камітэт мог бы гэтаму садзейнічаць», — цытуе словы Рыгоні БЕЛТА.

БелаПАН дадае, што Андрэа Рыгоні звярнуў увагу на невырашаную праблему смяротнага пакарання ў Беларусі, што мараторый так і не быў уведзены. Гаварыў ён і пра ціск на палітвязня Міколу Статкевіча. На думку спецдакладчыка, Савету Еўропы і ПАСЕ трэба пераканацца ў тым, што ў кіраўніцтва Беларусі ёсць воля і жаданне прытрымлівацца галоўных еўрапейскіх каштоўнасцяў. «Кампрамісаў тут быць не можа», — падкрэсліў Андрэа Рыгоні.

Рыгоні адзначыў, што дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі «стане важнай праверкай таго, наколькі Беларусь імкнецца да паляпшэння ўзаемаадносінаў з Саветам Еўропы і іншымі міжнароднымі арганізацыямі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?