Як палічыў суд, Кастусь Жукоўскі наўмысна не задэклараваў грошы, якія атрымаў у якасці падарунка на ўласным вяселлі ад цёткі з Украіны. Дзве тысячы долараў, якія падаравала сваячка, падаткавікі палічылі замежнай дапамогай, якая, згодна з прэзідэнцкім дэкрэтам, павінна абавязкова дэкларавацца ў падатковай інспекцыі. Цікава, што дазналіся пра гэты падарунак падаткавікі непасрэдна ад самога абвінавачанага, калі той з парады юрыста падаў сваю дэкларацыю аб прыбытках.
Вось што пра гэты выпадак распавёў сам Кастусь Жукоўскі:
‑ Калі ад мяне запатрабавалі дэкларацыю, перш за ўсё я звярнуўся да юрыста, каб ні ў чым не памыліцца. Той мне і параіў задэклараваць гэтыя грошы, што я і зрабіў. У падатковай я патлумачыў, што гэтыя грошы атрымаў на вяселле. Яны са свайго боку запатрабавалі спіс усіх запрошаных — 79 чалавек. Таму я проста раскідаў усе грошы на трох чалавек. І сярод іх апынулася і цётка з Украіны.
Тое ж самае Жукоўскі сёння патлумачыў і ў суддзе. Але сведчанні таксіста не былі прынятыя да разгляду, што вельмі пакрыўдзіла абвінавачанага:
‑ Маё асабістае стаўленне да прысуду такое: ёсць чалавек — ёсць артыкул. Я абавязкова буду абскарджваць прысуд, бо гэта супярэчыць і чалавечым паняццям і народным традыцыям.
Кастусь Жукоўскі спадзяецца, што гарадскі суд больш уважліва падыйдзе да разгляду яго справы і перакваліфікуе артыкул пакарання на больш мяккі. Калі гэтага не адбудзецца, то сплаціць такі вялікі штраф таксіст не зможа:
‑ Я усё ж спадзяюся, што вышэйшы суд прыме мой бок, бо 750 долараў для мяне — гэта непад’ёмная сума.