«Кавалер ружы» на сцэне Луганскага акадэмічнага музычна-драматычнага тэатра. Кадр з відэа суполкі «Свет тэатральных праектаў. Луганск» «УКантакце»

«Кавалер ружы» на сцэне Луганскага акадэмічнага музычна-драматычнага тэатра. Кадр з відэа суполкі «Свет тэатральных праектаў. Луганск» «УКантакце»

Беларускі сцэнарыст, драматург і рэжысёр Андрэй Курэйчык выпадкова даведаўся, што камедыю «Кавалер ружы», напісаную ім па матывах лібрэта Гуга фон Гофмансталя, ставіць на ўкраінскай мове Луганскі акадэмічны музычна-драматычны тэатр. Прэм’ера камедыі прайшла 27 сакавіка, найбліжэйшы паказ пройдзе 30 мая.

Па словах Курэйчыка, дазвол на пастаноўку ў яго не пыталі і аўтарскіх выплатаў ён не чакае. Але ён і не супраць гэткай пастаноўкі.

«Ніхто не звязваўся, я проста інтэрнэце ўчора знайшоў у рэпертуары Луганскага музычна-драматычнага тэатра пастаноўку», — кажа Курэйчык.

Гэта не першая пастаноўка п’есы, яе ставіла Валянціна Еранькова у Магілёўскім драматычным тэатры 11 год таму. У Луганску яе ставіць заслужаны артыст Украіны Анатоль Яворскі.

«Я разумею, чаму яна актуальная ў Луганску. П’еса антываенная такая», — кажа Курэйчык.

«Кавалер ружы» распавядае пра Аўстра-Венгрыю часоў Першай сусветнай вайны. Пакуль у Вене арыстакратыя балюе, на ўскраіне імперыі ідзе вайна. «Усё пытанне ў тым, каго адсылаюць на гэтую вайну, хто вернецца з гэтай вайны… І ці мусіць працаваць Венская опера падчас вайны, ці не мусіць. Не ведаю, у якім кантэксце яна пастаўленая ў Луганскім тэатры», — згадвае п’есу рэжысёр.

Нягледзячы на «пірацкую» пастаноўку, Курэйчык не будзе выступаць супраць пастаноўкі.

«Няма ніякога жадання ў мяне нейкую заключаць на гэтым этапе дамову, атрымліваць грошы… Хай іграюць», — заявіў Курэйчык.

«З аднога боку, я разумею, што наогул дзіўна, што тэатр там працуе ва ўмовах фактычна ваенных дзеянняў, я разумею мужнасць артыстаў іграць гэты спектакль. Але з другога боку, мне не хочацца мець дамову, у якой будзе напісана «ЛНР» ці нешта такое», — смяецца ён.

Курэйчык рады, што тэатры на тэрыторыі, падкантрольнай «ЛНР», наогул дзейнічаюць. «Я перакананы, што тэатр застаецца гэткай аддушынай для людзей, у якіх жыццё звязанае з пастаяннай небяспекай, калі няма прадуктаў, грошай, нармальнага жыцця», — кажа ён ды згадвае, што сённяшні Купалаўскі тэатр працаваў і падчас нямецкай акупацыі.

«Пры любых уладах, пры любых, хоць самых страшных войнах, звычайныя людзі цягнуцца да нечага светлага, добрага. Да музыкі, паэзіі, мовы… Гэта пэўная мужнасць саміх артыстаў», — заключае драматург.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?