Будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі ажыццяўляецца пад самым строгім кантролем. Аб гэтым заявіў сёння намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка на цырымоніі адкрыцця VII Міжнароднай выстаўкі «Атамэкспа-Беларусь».

«Будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі ажыццяўляецца пад строгім кантролем з пункту гледжання якасці, надзейнасці. Я ўдзячны і расійскім калегам, і нашым будаўнічым трэстам, якія працуюць, за тое, што мы ідзём дакладна па графіку», - адзначыў Уладзімір Сямашка.

Намеснік прэм'ер-міністра адзначыў, што адносіны Беларусі і Расіі апошнія гады пастаянна ўмацоўваюцца, усе інтэграцыйныя пачынанні падмацоўваюцца канкрэтнымі праектамі. «У гэтым сэнсе праект будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі - паказальны, грандыёзны. Такога яшчэ Беларусь не ведала. $8 млрд будзе каштаваць сама станцыя. Плюс інфраструктура - з пасёлка Астравец трэба зрабіць малады сучасны горад», - канстатаваў Уладзімір Сямашка. Ён нагадаў, што ўвод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на 2018 год, другога — не пазней за 2020 год.

Уладзімір Сямашка падкрэсліў, што такія мерапрыемствы, як «Атамэкспа-Беларусь», даюць магчымасць спецыялістам абмеркаваць дасягнутыя поспехі і перспектывы развіцця галіны. Ён пажадаў удзельнікам выстаўкі плённай работы, каб усе запланаваныя мерапрыемствы былі рэалізаваны.

Сёння ў Мінску адкрываецца VII Міжнародная спецыялізаваная выстаўка «Атамэкспа-Беларусь 2015», якая прадоўжыцца па 24 красавіка. Мерапрыемства праводзіцца па ініцыятыве Міністэрства энергетыкі Беларусі пры падтрымцы дзяржкарпарацыі «Расатам». Асноўнай мэтай форуму з'яўляецца дэманстрацыя найноўшых тэхналогій праектавання, будаўніцтва і эксплуатацыі АЭС, забеспячэнне эфектыўных паставак абсталявання для будаўніцтва АЭС, развіццё неэнергетычнага прымянення ядзернай энергіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?