Актывіст маладзёжнага крыла Руху «За Свабоду» Мікіта Семяненка ініцыяваў праз сацыяльныя сеткі кампанію «Не праезду расійскіх байкераў-тэрарыстаў праз Беларусь!»

Гаворка вядзецца пра арганізацыю пратэсту супраць мотапрабегу суполкі «Начныя ваўкі» па тэрыторыі нашай краіны і перашкоды гэтай акцыі.

У адозве да беларусаў гаворыцца: «Напрыканцы красавіка 2015 году банда расійскіх байкераў-тэрарыстаў «Начныя ваўкі», што ўдзельнічалі ў акупацыі Крыму і працягваюць ўдзельнічаць у ваенных дзеяннях на баку сепаратыстаў супраць Украіны, плануюць праехаць па Беларусі, спыняючыся ў Мінску і Брэсце, і далей па так званым «шляху савецкага войска» праз Польшчу, Чэхію, Славаччыну, Аўстрыю і Нямеччыну. Байкеры Еўрасаюзу выступілі катэгарычна супраць праезду бандытаў праз тэрыторыі сваіх краінаў. Спадзяемся, што байкерская супольнасць Беларусі незалежна ад клубнай прыналежнасці пакажа дзе месца прапуцінскай тэрарыстычнай арганізацыі і зробіць усё магчымае, каб не пусціць яе ўдзельнікаў на беларускія дарогі».

Амаль усе байкерскія суполкі Беларусі ўжо заявілі, што не далучацца да скандальнага мотапрабегу, які «Начныя ваўкі» маюць намер зладзіць па нашай краіне з 25 па 27 красавіка.

Планаваны расклад і маршрут іх руху такі:

«25.04 — Смаленск —Мінск, старт а 19:00, дарога зойме 4 гадзіны, прыбыццё а 23:00 — сустрэча з мінскай філіяй «Начных ваўкоў» каля Кургану Славы. 26.04 — Мінск — Хатынь, старт а 08:00, прыбыццё а 09:00. 26.04 — Мінск — Брэст, старт аб 11.00, прыбыццё а 16:00, сустрэча з брэсцкімі «ваўкамі», паход на Брэсцкую крэпасць. 27.04 — а 08:00 старт ад Брэста на Уроцлаў (праз памежны пераход «Цярэспаль»)».

Семяненка кажа, што ў польскім Цярэспалі расійскіх байкераў «чакае аб'яднаны міжнародны супраціў беларусаў, палякаў, чэхаў, славакаў, аўстрыйцаў, немцаў і ўкраінцаў». Па словах актывіста Руху «За Свабоду», «дзясяткі беларусаў гатовыя фізічна сустрэць зграю «Начных ваўкоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?