Затрымана 23-гадовая жыхарка вёскі Жарабковічы Ляхавіцкага раёна, якая падазраецца ў забойстве свайго мужа.
Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова, днём 18 красавіка ў кватэры па месцы жыхарства вяскоўка разам з мужам і сваёй маці распівала спіртныя напоі. Паміж мужам і жонкай узнікла сварка. Падчас канфлікту жонка нанесла адзін удар нажом у вобласць грудной клеткі 25-гадоваму мужу, ад якога той памёр на месцы.
Жанчына сама пазваніла ў міліцыю і паведаміла, што яе муж смяротна параніўся, адкрываючы нажом банку з фарбай. Паводле іншай яе версіі, ён загінуў пры падзенні з лесвіцы. Аднак крымінальны характар ранення гэтыя версіі абвергнуў.
Па падазрэнні ва ўчыненні забойства жанчына затрымана і змешчана ў ізалятар часовага ўтрымання. Ляхавіцкім раённым аддзелам Следчага камітэта ў дачыненні да яе распачата справа на падставе ч. 1 арт. 139 КК (забойства). 21 красавіка да падследнай прымененая мера стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту.
З удзелам падазраванай следчымі праведзена праверка паказанняў на месцы. У межах расследавання прызначаны комплекс судовых экспертыз, праведзены допыты сваякоў і суседзяў.
Муж і жонка пражывалі ў трохпакаёвай кватэры катэджа, выдзеленай ім як шматдзетнай сям'і. У сямейнай пары трое дзяцей узростам да трох гадоў, самаму малодшаму — паўгода. Іх 23-гадовая маці знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку, 25-гадовы бацька працаваў трактарыстам. Сям'я не была сацыяльна паспяховай.
Паводле рашэння аддзела адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама малалетнія дзеці перададзеныя пад часовую апеку сваякам забітага бацькі.





