Мінабароны Нямеччыны расчаравалася ў асноўнай стралковай зброі нямецкіх салдат — вінтоўцы G36 вытворчасці кампаніі Heckler & Koch, і заменіць яе аўтаматам новай канструкцыі, паведаміў сайт Нямецкай Хвалі.

Нямецкі жаўнер з G36 у Афганістане.

«У гэтага аўтамата, улічваючы ягоную канструкцыю, няма будучыні ў бундэсверы», — заявіла ў сераду на пасяджэнні абароннай камісіі парламента краіны міністр абароны Нямеччыны Урсула фон дер Ляен. Асноўная прэтэнзія экспертаў — пры працяглай стральбе доўгімі чэргамі рэзка падае трапнасць агню.

Рашэнне пра тое, чым будзе замененая G36, пакуль не прынятае.

5,56-мм штурмавая вінтоўка G36 знаходзіцца на ўзбраенні бундэсвера з 1995 году. Хуткасць стральбы — да 750 стрэлаў у хвіліну. Вінтоўка вырабляецца ў розных мадыфікацыях, са стваламі рознай даўжыні і рознымі прыцэльнымі прыладамі, вага зброі ў залежнасці ад мадыфікацыі складае ад 2,82 да 3,63 кг. Выкарыстоўваецца аўтамат у 30 краінах свету, вельмі часта — у аддзелах спецыяльнага прызначэння.

Гісторыя з перагрэвам G36 пры доўгім аўтаматычным агні, у выніку якога трапнасць стральбы рэзка падае, стала прадметам публічных абмеркаванняў не раней за 2012 год, па выніках выкарыстання зброі ў Афганістане. Аднак Heckler & Koch адзначае, што пры распрацоўцы аўтамата чыноўнікі і не выстаўлялі патрабаванняў што да працяглага аўтаматычнага агню. Да таго ж у аналагічных умовах не ацэньваліся штурмавыя вінтоўкі іншых вытворцаў.

Дый самі нямецкія вайскоўцы не скардзіліся на свой аўтамат амаль 10 год рэальных баёў у Афганістане — праблемы былі знойдзеныя толькі ў лабараторных умовах. Магчыма, новай штурмавой вінтоўкай бундэсвера стане проста мадыфікаваная мадэль G36, якую ўжо падрыхтавала Heckler & Koch.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?