Маккейн і Клінтан сталі пераможцамі “супэраўторка”, але пакуль толькі адноснымі. Хто за каго ў перадвыбарнай гонцы ў Амэрыцы?

Перадвыбарны "супэраўторак" у ЗША выявіў фаварытаў марафонскае гонкі за права стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты ЗША. Моладзь фанацее ад Абамы, хоць ён так і не здагнаў вопытнай Хілары Клінтан.

Супэраўторкам у ЗША называюць першы аўторак лютага перадвыбарнага году, калі выбарцы ў палове штатаў вызначаюць кандыдатаў ад партый на прэзыдэнцкія выбары. Звычайна пасьля яго выяўляюцца яўныя фаварыты ад Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый. Ня так сёлета.

У рэспубліканцаў, хоць 71-гадовы сэнатар Джон Маккейн у нацыянальных апытаньнях апярэджвае свайго найбліжэйшага суперніка Міта Ромні, барацьба далёкая ад завяршэньня.

У 2000 годзе Маккейн саступіў на перадвыбарах Бушу, цяпер жа ён мае ўсе шанцы стаць кандыдатам ад сваёй партыі. Па сваіх маральных, эканамічных і экалягічных поглядах ён нашмат больш памяркоўны за Буша, хоць у замежнай палітыцы мае рэпутацыю прыхільніка сілавых мэтадаў. Трэба адзначыць, што Маккейна ня любяць нэакансэрватары і хрысьціяне-эвангелісты, якія складаюць электаральную базу рэуспубліканцаў. Зрэшты, пагроза перамогі зьненавіднай ім Хілары Клінтан напэўна змусіць іх мабілізавацца.

Працэдура выбараў свая ў кожным штаце і кожнай партыі. У галасаваньні бяруць удзел дзясяткі мільёнаў людзей – ня толькі актывістаў, а і прыхільнікаў. Доўгі перадвыбарчы марафон дазваляе добра прамацаць кандыдатаў і выпрабаваць іх на трываласьць. Мільёны людзей фінансуюць сымпатычных ім прэтэндэнтаў. Гэтак, кандыдат з дэмакратаў Барак Абама за адзін студзень месяц атрымаў каля 32 млн даляраў ад 165 тысяч ахвярадаўцаў.

Хто выйдзе пераможцам у дэмакратаў, прадказваць рана, хоць магутны партыйны апарат дае Клінтан фору. Яшчэ два тыдні таму лічылася, што яна мае жалезныя шанцы. Аднак магутны фінішны спурт Абамы зьмяшаў усе карты. Паводле сацыёлягаў, абое падышлі да чарговага этапу перадвыбараў з прыкладна аднолькавымі вынікамі і лідэр вызначыцца толькі на пазьнейшых этапах кампаніі.

Інтрыга ў тым, што ні жанчына (Клінтан), ні афраамэрыканец (Абама), ні 71-гадовы палітык (Маккейн) ніколі раней не станавіліся кіраўнікамі наймагутнейшай дзяржавы сьвету. Гэта добра паказвае, як зьмяніліся Штаты, дзе калісьці палітыка і дзяржаўнае кіраваньне былі прывілеяй белых мужчынаў, цесна зьвязаных з буйным капіталам. Цяпер нашмат большую ролю пачынаюць адыгрываць жанчыны і старэйшыя пэнсіянэры, а да меншасьцяў была выхаваная павага.

Маладыя выбарцы ў абсалютнай большасьці аддалі свае галасы Бараку Абаму -- 46-гадоваму сэнатару з штату Ілінойс. Гэты маладжавы харызматык увасабляе для многіх "амэрыканскую мару". Народжаны ў надзвычай беднай сям'і, ён выбіўся ў людзі, бліскуча скончыў адзін з самых прэстыжных унівэрсытэтаў, аднак, у адрозьненьне ад большасьці сваіх аднагодкаў, пачаў кар'еру не з зарабляньня грошай, а з сацыяльнай работы ў родным Чыкага. Сваім эмацыйным стылем выступаў ён выклікае сымпатыю ня толькі афраамэрыканцаў. Дзеля Абамы ў перадвыбарах бяре ўдзел рэкордная доля моладзі.

Абама заслужыў павагу дэмакратаў тым, што ад пачатку рашуча выступаў супраць уварваньня ў Ірак (Клінтаніха вайну напачатку падтрымала). Цяпер, калі вайна забрала жыцьці 4000 амэрыканцаў, 150 000 іракцаў, падарвала ваенную магутнасьць ЗША і спаскудзіла імідж краіны ў сьвеце, Абама зрабіў антываенную карту адной з асноваў сваёй кампаніі. Таксама ён выступае за перамену стылю вядзеньня палітыкі і палівае агнём вашынгтонскі істэблішмэнт.

Сярод галоўных тэмаў перадвыбарных дэбатаў у ЗША, акрамя вайны з ісламскім тэрарызмам, -- пытаньні рэформы аховы здароўя, падатковай палітыкі, палітыкі ў сфэры іміграцыі.

Традыцыйна ў Амэрыцы вядомыя людзі адкрыта падтрымліваюць таго ці іншага кандыдата. Гэтак, да кампаніі Клінтан далучыліся рэжысёр Стывэн Сьпілбэрг, музыка Квінсі Джонз, сьпявачка Барбара Стрэйзанд, былая дзяржсакратарка ЗША Мадлен Олбрайт.

Маккейну далі падтрымку губэрнатар Каліфорніі Арнольд Шварцэнэгер і былы мэр Нью-Ёрку Рудольф Джуліяні.

А вось старэйшыны клану Кенэдзі, экс-кандыдат у прэзыдэнты Джым Керы, акторы Мэт Дэйман і Джордж Клуні, а таксама папулярная тэлевядучая Опра Ўінфры падставілі плячо Абаму. Раскол прайшоў нават празь сем'і: за Абаму выступае на мітынгах жонка Шварцэнэгера Марыя Шрайвэр.

Абаму падтрымаў і найважнейшы лабіст Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы Зьбігнеў Бжазінскі. Былы памочнік прэзыдэнта Картэра па нацыянальнай бясьпецы пабачыў у маладым сэнатару тыя ж рысы, якія калісьці былі ўласьцівыя ягонаму шэфу: увага да правоў чалавека і этычных праблемаў. Паварот Картэра да правоў чалавека і падтрымкі дэмакратыі ва ўсім сьвеце ў свой час перадвызначыў маральную перамогу Захаду над камунізмам. На думку Бжазінскага, такі лідэр патрэбны Амэрыцы, а зь ёю і ўсяму дэмакратычнаму сьвету сёньня ня менш, чым у 1976 годзе, пасьля фіяска ў Віетнаме.

Ад выніку выбараў залежыць лёс Іраку: Клінтан і асабліва Абама выступаюць за вывад войскаў, тады як Маккейн, які правёў доўгія гады ў палоне ў часе віетнамскай вайны, хоча вайны да пераможнага канца, "нават калі прыйдзецца застацца ў Іраку на сто гадоў". “Ніколі не здавацца” – вось слоган ягонай кампаніі. Амэрыканцам такая рыторыка даспадобы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?