Беларус, які быў асуджаны ў Расіі да двух гадоў калоніі-пасялення за размяшчэнне антырасійскага запісу Укантакце, расказаў сваёй новай адвакатцы, што канкрэтныя словы, за якія ён быў асуджаны, былі напісаныя не ім, а ўтрымліваліся ў рэпосце. Пра гэта паведаміла «Нашай Ніве» адвакатка Святлана Лактыёнава.

«Не гэтая фраза была матывам перапосту», — сказаў Кірыл Сілівончык новай адвакатцы. Аднак ён прызнаў сваю віну і адмовіўся ад абскарджвання прысуду.

Ён проста неабдумана змясціў у сябе на сцяне малюнак, што яму спадабаўся, і пад ім быў надпіс, які ён не заўважыў.

З ягоных словаў, ён узяў гэты малюнак у групе «Украінска-беларускае брацтва» Укантакце. 

Мы шукалі той пост у інтэрнэце, але не знайшлі яго ані на сцяне Сілівончыка, ані ў кэшы.

Сілівончык не ведае, ці мог той пост быць правакацыяй. Ён расказаў, што, паводле ягоных звестак з часу следства, Украінска-беларускае брацтва змяшчалася з беларускага ІР-адраса, таму было недасяжнае для расійскага правасуддзя.

Са словаў адвакаткі Сілівончык ведае, што грамадскасць і блізкія яго падтрымліваюць, і гэта яго вельмі трымае ў духу. Ані на здароўе, ані на гвалт, ані на стаўленне адміністрацыі ён не скардзіцца. Выглядае ён, па словах адвакаткі, нармальна. Яна таксама адзначыла, што гэта чалавек высокага інтэлекту. Ён быў уражаны, што суайчыннікі аплацілі яму новага адваката.

Новую адвакатку Сілівончыку наняў беларускі хрысціянскі актывіст Андрэй Кім, калі стала вядома, што ягоная адвакатка з часу працэсу была рэкамендаваная ФСБ і раней удзельнічала ў іншых працэсах, ініцыяваных расійскімі спецслужбамі.

Як паведаміла Святлана Лактыёнава, копіі прысуду яна атрымаць пакуль не змагла, але адправіла такі запыт.

Праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская не бярэцца ацэньваць адэкватнасць абвінавачвання і пакарання, пакуль мы не атрымаем поўны тэкст прысуду. Яна дзякуе Андрэю Кіму: «Дзякуючы яму ўдалося наняць новага адваката і пачуць новую інфармацыю. Важна, што беларусы праявілі аператыўнасць і неабыякавасць».

Што да самога Сілівончыка, то Гацура-Яворская звяртае ўвагу на тое, што ён не абскарджваў прысуду. «Гэта пазіцыя дарослага чалавека, які адказвае за свае дзеянні, і гэта выклікае павагу да гэтага беларуса».

Кірыл Сілівончык мог звярнуць на свой ВК увагу расійскіх спецслужбаў, бо працаваў сісадмінам на абаронным заводзе ў Ніжнім Ноўгарадзе. Ён родам з Гомельшчыны, і ў сябе Укантакце рэпосціў шмат беларускіх і ўкраінскіх патрыятычных матэрыялаў. У адным з іх ён не заўважыў радыкальных заклікаў. Яго арыштавалі ў снежні 2014, у красавіку 2015 яго судзіў Маскоўскі вайсковы суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?