У сакавіку ад трапічнай малярыі памёр жыхар Пружанскага раёна, які раней працаваў па кантракце лётчыкам ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. Пра гэта паведамілі ў Брэсцкім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

41-гадовы мужчына жыў адзін. Падчас працы ў Конга грэбаваў мерамі прафілактыкі малярыі. Нягледзячы на дрэннае самаадчуванне, пасля вяртання на радзіму ў медустановы не звяртаўся, займаўся самалячэннем. Тое, што чалавек памёр ад дадзенай экзатычнай хваробы, медыкі ўстанавілі толькі пасля яго смерці.

У Беларусі гэта першы за год выпадак смерці ад трапічнай малярыі.

Дадзеная хвароба трапляе ў арганізм чалавека з укусамі «малярыйных» камароў. Суправаджаецца нядужаннем, стомленасцю, галаўным болем, млоснасцю, стратай апетыту. Паводле інфармацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод у свеце заражаюцца 300-500 мільёнаў чалавек, каля мільёна з іх паміраюць. Найбольш распаўсюджаная малярыя ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Нігерыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?