Вольны гал Закаханікс марыць ажаніцца на грэцкай прынцэсе Ірыне. Але на Ірыну паклаў вока сын Юлія Цэзара Брут. Каб сарваць нежаданы шлюб і даць Закаханіксу шанец, Ірына абвяшчае, што выйдзе замуж толькі за пераможцу Алімпійскіх гульняў. Брут спадзяецца на посьпех, але ў Закаханікса найлепшыя настаўнікі – Астэрыкс і Абэлікс…
Папулярныя францускія пэрсанажы, якія сталіся героямі коміксаў, анімацыі – і фільмаў, чарговы раз на вялікім экране. Пасьля “Місіі Клеапатра” і “Астэрыкса і Абэлікса супраць Цэзара” – гэта трэцяя стужка зь непераможнымі і пацешнымі галамі. Кловіс Карніяк зьмяніў Крыстыяна Клаўе у ролі Астэрыкса, а Жэрар Дэпард’ё застаўся нязьменным Абэліксам.
Ален Дэлон грае самазакаханага імпэратара – і неўпрыкмет зьдзекваецца з сваіх мінулых каронных роляў (хто ведае, ацэніць жарт пра “Рока і ягоных братоў”). Радуе грымасамі Бэнуа Пульвэрду ў ролі прыдуркаватага Брута, які марыць атруціць Бацьку.
Леапард губляе плямы, дыск разьбівае статуі, імчацца шалёныя коні, крычыць гратэскная публіка. А Зынадзін Зыдан і Міхаэль Шумахер удала працуюць на эпізодах.
Хаця стужка набыла пашаноўна-вялікабюджэтны “імпэрскі” статус (78 млн. эўра), гэта не перашкодзіла застацца “гальскай гісторыі” жывой, пацешнай і мілай.