Маці паўторна адлічанага з унівэрсытэту і тэрмінова прызванага ў войска выдатніка і грамадзкага актывіста З. Жалезьнічэнкі хоча судзіцца з ваенкаматам.

«Прызыўная камісія была 8 студзеня. Мы пра гэта нічога ня ведалі, ніхто не паведаміў. Позва сыну прыйшла 15 студзеня. Але паколькі 16 студзеня суд адмяніў загад рэктара на адлічэньне сына з вучобы, то на той момант ніхто не пазбаўляў яго адтэрміноўкі. Да 22 студзеня, калі яго адлічылі другі раз, ён быў студэнтам. Яму за гэта выплачана стыпэндыя. Гэта значыць, што рашэньне прызыўной камісіі ад 8 чысла ня можа мець аніякай законнай сілы. Мы падавалі скаргу ў Міністэрства абароны, але атрымалі адказ, што «Міністэрства абароны прызывам юнакоў на службу не займаецца», а рашэньне прызыўной камісіі можа быць абскарджанае ў судзе», — гаворыць Ала Жалезьнічэнка.

Спадарыня Жалезьнічэнка перакананая, што прызыўная камісія ў дачыненьні да яе сына парушыла патрабаваньне дзейнага закону пра вайсковую службу. У Зьмітра сур’ёзныя захворваньні, перадусім — прыкметы гіпэртаніі. Ён і сёньня застаецца ў мэдычнай частцы чыгуначных войскаў у Жлобіне. Да гэтага Зьмітра накіравалі ў шпіталь Міністэрства абароны ў Менску.

«Ёсьць сумесная пастанова Міністэрства абароны й Міністэрства аховы здароўя, што пры ўпершыню выяўленай гіпэртаніі даецца адтэрміноўка на паўгода. У яго якраз пасьля другога адлічэньня ціск быў падвышаны. Ёсьць дакумэнт урача. Гэтага таксама ніхто не разглядаў», — кажа Ала Жалезьнічэнка.

Паводле зьвестак службоўцаў, апошнім часам Гомельскі ваенкамат прызывае на службу зь пяці тысячаў хлапцоў прыкладна палову. Астатнім даецца адтэрміноўка — каму на папраўку здароўя, а каму на вучобу. Беларускаму войску проста не патрэбная 5‑тысячная грамада гомельскіх прызыўнікоў.

Зьмітру Жалезьнічэнку не далі ні падлячыцца, ні абскардзіць паўторнае адлічэньне з унівэрсытэту.

На 8 лютага ў судзе Савецкага раёну Гомеля прызначаныя кансультацыі заяўніцы Алы Жалезьнічэнкі з судзьдзёй і прадстаўнікамі адказьніка.


Зьміцер Жалезьнічэнка — 20‑гадовы моладзевы актывіст Партыі БНФ. Увосень 2007 году студэнт‑выдатнік матэматычнага факультэту Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту быў адлічаны з вучобы. Пасьля чатырох месяцаў разьбіральніцтваў, 16 студзеня 2008 году Зьміцер быў адноўлены ў ВНУ. Але праз тыдзень, 23 студзеня, яго адлічылі паўторна. 25 студзеня Зьміцера Жалезьнічэнку забралі ў войска і накіравалі ў Жлобін у вайсковую частку чыгуначных войскаў.

Раней на прызыўной камісіі Жалезьнічэнка заявіў, што жадае служыць у вайсковай частцы, дзе загады аддаюцца па‑беларуску. Ён накіраваў заяву ў Кастытуцыйны суд з просьбай разгледзяць на адпаведнасьць Канстытуцыі палажэньні Закону «Аб агульнай вайсковай павіннасьці і вайсковай службе», згодна зь якімі ў салдатаў тэрміновай службы няма права карыстацца па ўласным выбары дзяржаўнай (беларускай) мовай.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0