Васіль Быкаў

На XV Міжнароднай кніжнай выставе‑кірмашы, што праходзіць у Менску, адбылася прэзэнтацыя Поўнага збору твораў Быкава.

У маскоўскім выдавецтве «Время» выйшла 6 тамоў на беларускай мове, плянуецца, што ўсяго будзе 14 па‑беларуску і 8 — па‑расейску. Падчас прэзэнтацыі яе ўдзельнікі — пісьменьнікі, сябры Быкава — шчыра дзякавалі дырэктару выдавецтва сп.Барысу Пастэрнаку, а таксама людзям, дзякуючы чыёй працы выданьне стала магчымым —найперш удаве пісьменьніка Ірыне Быкавай, Алесю Пашкевічу, Міхасю Тычыну.

Густоўна аформленае выданьне можна набыць на выставе, на стэндзе выдавецтва «Время». Тамсама прадаюцца і кнігі Сьвятланы Алексіевіч, Яўгена Будзінаса, а також творы найбольш цікавых сучасных расійскіх аўтараў.

Можна сказаць, што імя і творчасьць Васіля Быкава сталі своеасаблівым акцэнтам сёньняшняга дня: падчас адкрыцьця стэнду ганаровага госьця выставы — дзяржавы Ізраіль была прэзэнтаваная першая публікацыя Быкава на іўрыце. Гэта апавяданьне «Бедныя людзі» у перакладзе амбасадара Ізраілю у Беларусі сп.Зэева Бэн‑Ар’е, якое было апублікована ў ізраільскім літаратурным часопісе «Дах».

ПК

Лішні Быкаў

Прэзентацыя збораў твораў Васіля Быкава — галоўная падзея першага дня работы расійскай экспазіцыі на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе. Беларускія гандляры не спяшаюцца распаўсюджваць кнігі Быкава. Чаму?

Выпуск збораў твораў Васіля Быкава на рускай і беларускай мовах — сумесны праект Саюза беларускіх пісьменнікаў і расійскага выдавецтва «Время», распавядае генеральны дырэктар выдавецтва Барыс Пастэрнак:

«Ініцыятарам быў Саюз беларускіх пісьменнікаў, зразумела, бо Быкаў для Саюза —велічыня нумар адзін».

З 6 да 10 лютага ў нацыянальным выставачным павільёне «Белэкспо» праходзіць XV Мінская міжнародная кніжная выстава‑кірмаш «Кнігі Беларусі — 2008». Сёлета ўдзел у выставе прымуць выдавецтвы 17 краін, у тым ліку з Расіі, Украіны, Славакіі, Польшчы, Германіі, Кітая, Індыі, Францыі, Арменіі, Швецыі, ЗША. Упершыню ўдзельнікамі кніжнага форуму стануць Італія, Казахстан, Венесуэла, Швейцарыя. Пачэсным госцем XV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы стане Ізраіль.

Апошнім часам у выдавецтве «Время» пабачылі свет зборы твораў пісьменнікаў, якія, па меркаванні выдаўцоў, найбольш поўна адлюстроўваюць сваю эпоху: першы у Расіі збор твораў Салжаніцына ў трыццаці тамах, васьмітомнік Сахарава, дзесяць тамоў Іскандэра, чатырохтомнікі Бабеля і Высоцкага…

«Быкаў нам падаўся ў гэтай кампаніі зусім не лішнім», — падкрэслівае Барыс Пастэрнак.

Беларускамоўнае выданне пабачыла свет накладам 3 тысячы экземпляраў.

«Мы звычайна заўсёды выдаем невялікія наклады — адпрацаваная еўрапейская практыка. Гэта не тая літаратура, якая, як дэтэктыў разлятаецца вокамгненна 15‑20 тысячнымі накладамі. Гэта літаратура «сыходзіць» марудна, але пастаянна. На яе заўсёды ёсць попыт», — тлумачыць Барыс Пастэрнак.

Палова накладу была перададзеная Саюзу беларускіх пісьменікаў. Прадстаўнікі гэтай грамадскай арганізацыі бясплатна перадаюць кнігі Васіля Быкава бібліятэкам.

«Самае для мяне, напрыклад, дзіўнае, што некаторыя прымалі гэтыя дары без асаблівага энтузіязму, хаця там усе творы, якія ў свой час прайшлі яшчэ савецкую цэнзуру і нічога небяспечнага там няма. Але чамусьці з такой насцярогай прымаліся гэтыя тамы Васіля Быкава!», — здзіўляецца паэт Генадзь Бураўкін.

Па словах Барыса Пастэрнака, продаж беларускамоўнага выдання ідзе ў Беларусі «даволі такі вяла».

«Існуе некая перасцярога, якую я патлумачыў бы палітычнымі прычынамі. Мы арыентаваліся, што праектам зацікавяцца беларускія аптовыя кніжныя прадпрыемствы. Але цікаўнасць праяўляюць, хутчэй асобныя грамадзяне: дзе дастаць, дзе набыць», — распавядае выдаўца.

Афіцыйнай забароны на распаўсюд твораў Быкава ў Беларусі не існуе. Але гэта факт: кнігі не пускаюць да чытачоў.

«Гэта нейкае, даруйце, злачынства перад культурай і перад людзьмі, — лічыць Генадзь Бураўкін. — У тых кнігарнях, дзе я быў апошнім часам, я бачу дзікія залежы розных дэтэктываў, дамскіх раманаў невядома якіх аўтараў. А Быкаўскіх кніжак няма».

Каб упэўніцца ў канкурэнтаздольнасці Васіля Быкава, на думку Генадзя Бураўкіна, кнігі пісьменніка трэба проста пакласці на паліцы ў кнігарнях.

Паводле: Марына Мазуркевіч, Deutsche Welle

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0