Выстава скульптуры, керамікі і графікі двух вялікіх іспанскіх мастакоў — Сальвадора Далі і Пабла Пікаса — будзе адкрыта для наведвання ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі да 28 чэрвеня.

Пра гэта паведаміў сёння журналістам расійскі бізнесмен, калекцыянер, мецэнат Аляксандр Шадрын, уласнасцю якога і з'яўляецца прадстаўленая экспазіцыя.

Упершыню ў Мінску выстаўленыя 30 твораў керамікі Пікаса. Вобразы людзей і жывёл, мінатаўр, быкі, сцэны карыды знайшлі сваё месца на блюдах і гарлачах аўтара.

Сальвадор Далі прадстаўлены керамікай, графікай і знакамітымі скульптурамі, сярод якіх тэлефон-лобстар, сюррэалістычныя кветкі і іншыя фантастычныя працы.

Калекцыя фарміравалася на працягу апошніх 15 гадоў, многія з прадметаў былі набытыя ў Парыжскім музеі Сальвадора Далі, у калекцыянераў, у галерэях і аўкцыённых дамах Еўропы.

У залах музея ў рэжыме нон-стоп на двух экранах будуць дэманстравацца фільмы-экскурсіі, у якіх калекцыянер распавядае аб сваім зборы мастацтва.

Перамовы з Мінскам наконт экспанавання выставы вяліся на працягу чатырох гадоў. Да гэтага выставы вядомых іспанскіх мастакоў былі прадстаўленыя ў Маскве, а пасля Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі пераедуць у Рыгу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?