Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па «факце абразы суддзі Ленінскага раёна Мінска Андрэя Камушкіна».

Пра гэта паведамілі праваабаронцы закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна».

Справа заведзеная па артыкуле 391 КК (абраза суддзі або народнага засядацеля). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае штраф, папраўчыя работы да двух гадоў, арышт ад трох да шасці месяцаў або абмежаванне волі да трох гадоў.

Увечары 29 студзеня анархісты правялі акцыі салідарнасці з арыштаванымі паплечнікамі. Адна з акцый прайшла ў двары дома, дзе жыве суддзя Андрэй Камушкін. Гэты суддзя раней прызначыў анархістам у агульнай колькасці 65 сутак арышту. Як паведамляў сайт беларускіх анархістаў, пад'езды і бліжэйшыя машыны былі абвешаныя улёткамі пра тое, што «суддзя аб'яўлены ў вышук за вынясенне несправядлівых прысудаў і прыцягненне ў якасці абвінавачанага заведама невінаватага».

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у якасці сведкі па гэтай справе быў дапытаны малады чалавек, другога выклікалі на допыт па тэлефоне.

У прэс-службе Следчага камітэта паабяцалі даць інфармацыю па гэтай справе на наступным тыдні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?