Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін напісаў калонку для часопіса «Русскій піонер», у якой распавёў пра жыццё сваіх бацькоў падчас Другой сусветнай вайны.

Поўны тэкст апублікаваны на сайце выдання. Прэзідэнт Расіі, у прыватнасці, распавёў, што яго бацька праходзіў тэрміновую службу ў Севастопалі, ён быў матросам на падводнай лодцы.

«Прызвалі яго ў 1939-м. А потым, вярнуўшыся, проста ўжо працаваў на заводзе, а жылі яны з мамай у Петрадварцы (…) Вайна пачалася, а ён працуе на вайсковым прадпрыемстве, дзе так званая «бронь», якая вызваляе ад прызыву. Але ён напісаў заяву аб уступленні ў партыю, а потым яшчэ адну заяву — што хоча на фронт», — піша Пуцін.

Паводле яго словаў, пасля гэтага яго бацьку накіравалі ў дыверсійны атрад НКУС, у якім служылі 28 чалавек. Іх закідвалі у блізкі тыл для правядзення дыверсійных актаў. Падрыў мастоў, чыгуначных калей. Па словах расійскага прэзідэнта, група амаль адразу трапіла ў засаду і яго бацьку, якога пераследавалі немцы, цудам удалося выжыць.

«Пераследавалі па лесе, і ён застаўся жывы, бо залез у балота і некалькі гадзін прасядзеў у балоце і дыхаў праз чарацінку. Гэта я памятаю ўжо з яго расказу. Прычым ён казаў, што, калі сядзеў у балоце і дыхаў праз гэтую чарацінку, ён чуў, як нямецкія салдаты праходзілі побач, літаральна за некалькі крокаў ад яго, як брахалі сабакі», — паведаміў Пуцін, адзначыўшы, што з 28 чалавек выратаваліся толькі чацвёра.

Пасля гэтага бацька прэзідэнта Расіі быў накіраваны «на перафармаванне ў дзеючую армію — і на Неўскі пятачок». Там ён атрымаў цяжкае раненне — «усё жыццё жыў з асколкамі ў назе: усе іх так і не вынялі». Таксама Пуцін распавёў, як падчас знаходжання ў шпіталі бацька аддаваў сваёй жонцы, маці Пуціна, увесь свой паёк, каб тая магла карміць трохгадовага сына. Пазней дзіця забралі «ў явачным парадку з мэтай выратавання малалетніх дзяцей ад голаду», аднак пазней ён захварэў на дыфтэрыт і памёр.

«А бацька, калі дзіця забралі і мама засталася адна, а яму дазволілі хадзіць, стаў на мыліцы і пайшоў дадому. Калі падышоў да дома, то ўбачыў, што санітары выносяць з пад'езду трупы. І ўбачыў маму. Падышоў, і яму здалося, што яна дыхае. І ён санітарам кажа: «Яна ж яшчэ жывая!» — «Па дарозе дойдзе, — кажуць яму санітары. — Ужо не выжыве». Ён распавядаў, што кінуўся на іх з мыліцамі і прымусіў падняць яе назад, у кватэру (…) І ён яе выхадзіў», — распавядае Пуцін, адзначыўшы, што яго бацька памёр у канцы 1998 года, а мама дажыла да 1999.

Ён таксама паведаміў, што менавіта дзякуючы бацьку іх сям'я атрымала першую асобную кватэру.

«Гэта здарылася, вядома, не адразу пасля вайны, а калі я ўжо ва ўпраўленні КГБ працаваў. І мне тады кватэры не давалі, а бацьку нарэшце выдзелілі», — піша Пуцін.

У прэзідэнта Расіі «даўнія адносіны» з часопісам «Русскій піонер», і ён не ў першы раз напісаў для яго. Так прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў пракаментаваў апублікаваную ў чацвер калонку кіраўніка РФ у гэтым выданні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0