Нацыянальна‑дэмакратычны і культурны бамонд у залі Купалаўскага тэатру сабраўся 4 лютага далёка ня ўвесь: В Дунін‑Марцінкевіч, дзьвесьце гадоў ад нараджэньня якога адзначылі спэктаклем «Ідылія», не ўваходзіць у лік тых кананізаваных геніяў, на юбілей якіх не прыйсьці лічыцца непрыстойным. Але гледачы зусім і не шукалі знаёмыя твары на суседніх шэрагах. Усіх нашмат больш займала тое, што адбывалася на сцэне.

Уласна кажучы, гісторыя, расказаная гэтым азызлым з выгляду ўладаром фальварку Люцынка, простая і ў нечым нават банальная. Малады паніч Караль Лятальскі (Алег Гарбуз), што выправіўся жыць (ці вучыцца паводле нейкай тагачаснай праграмы) у той самы Парыж, вяртаецца на просьбу сваіх сялянаў, каб разабрацца з камісарам Выкрутачом (Аляксандар Гарцуеў), які іх прыціскае, карыстаючыся напоўніцу кантрактам… цьфу! прыгонным правам, вядома ж. Жыць сярод гэтых неадукаваных мужыкоў, што ня ведаюць нічога пра вадкае мыла, не разумеюць, у чым цымус сапраўднага «Гінэсу», і карыстаюцца туалетнай паперай, не нашмат мякчэйшай за наждак, — каму ж захочацца прамяняць Парыж на ўсё гэта? І пану Каралю таксама шчыра ня хочацца.

Але ягоная кузына Юлія (Зоя Белахвосьцік), што выдае сябе за сялянку Югасю, прымушае афранцужанага кузына закахацца ў сябе, прапанаваць руку і сэрца, заадно прагнаць камісара і палегчыць долю сялянам. У прыгожанькую «пэйзаначку» закахаліся ўсе запар, ад старога Выкрутача і да камэрдынэра Яна (Віктар Манаеў) і войта Навума Прыгаворкі (Аляксандар Кавальчук). Адным словам, усе шчасьлівыя.

Пастаўце гэтую немудрагелістую п’есу ў духу сьвятога для савецкай эпохі сацыялістычнага рэалізму, і ад нудоты памрэ ня толькі пан Караль, але і кожны глядач у залі. Чароўнасьць прыгоннага права мала хвалюе нашага сучасьніка. Але «Ідылію» ставіў Мікалай Пінігін — адзін зь нешматлікіх беларусаў, што валодае пачуцьцём гумару — то бок, здольны пасьмяяцца з самога сябе. І выявілася, што п’еса, напісаная паўтара стагодзьдзя таму, вельмі сучасная, можа прымусіць гледача рагатаць — і ня толькі рагатаць, пра што мы яшчэ скажам крыху ніжэй.

Пінігін прачытаў Дуніна‑Марцінкевіча як беларускага Бамаршэ і прапанаваў Зоі Белахвосьцік сыграць гэткі сабе выбуховы сплаў чароўнай Сюзаны і вынаходлівага Фігара ў спадніцы. Белахвосьцік не баіцца выглядаць сьмешнай, яна атрымлівае асалоду нават ад пэўнага камікаваньня (асабліва гэта адчуваецца ў яе сцэнах з Гарбузам і Манаевым). Насуперак жанраваму вызначэньню, вынесенаму ў загаловак спэктаклю, гераіня зусім не пастаральная, не саладжавая. Яна падобная да тых тэатральных субрэткаў, на якіх стагодзьдзямі трымаецца рэпэртуар францускай камэдыі. У эпізодзе, дзе яна па чарзе (цалкам у духу Бамаршэ) прызначае спатканьні‑пасткі адразу чацьвярым сваім залётнікам, Юлія‑Югася ў інтэрпрэтацыі Зоі Валянцінаўны дэманструе ўсю палітру жаночай абаяльнасьці, знаходзячы для кожнага каханка‑няўдахі сваю непаўторную інтанацыю.

Нягледзячы на тое, што з усіх мужчынскіх пэрсанажаў больш‑менш прапісаны характар хіба што Караля Лятальскага, вядучыя купалаўскія акторы ўмеюць зрабіць іх жывымі і сымпатычнымі. Скажам, у камісара Выкрутача (у бліскучым выкананьні Аляксандра Гарцуева), які, здавалася, без кіёчка ўжо няздольны быў і перасоўвацца, вырастаюць раптам крылы, і ён ужо ледзь ня лётае, пабачыўшы такую спакусьлівую Югасечку. Барвінкам віецца вакол недасягальнай «пэйзанкі» камэрдынэр Ян, што ўчора яшчэ пагарджаў беларускімі дзяўчатамі: слухаць, як заляцаецца Віктар Манаеў, — адна асалода! Здаецца, калі б рэжысэр знайшоў фарбы крыху мякчэйшыя для войта Навума, ня зводзячы ягоную ролю да набора прыказак, Аляксандру Кавальчуку было б крыху лягчэй, і ягоны герой выйшаў бы крыху менш падобным да маскі. Але і гэтаму таленавітаму актору ўдаецца зрабіць свайго алькаша і бабніка цалкам жывым і пазнавальным.

Але, хай мне гэта даруюць іншыя ўдзельнікі спэктаклю, найбольшыя сымпатыі гледача атрымаў Караль Лятальскі ў выкананьні Алега Гарбуза. Гэта вялікае дзіця, што сумуе па Парыжы, можа шчыра закахацца ў какетлівую сяляначку, на якую выпадкова трапляе, носіць фрак не па‑мужчынску, а па‑хлапечы, гатовы радасна пакрыўдзіцца на Радзіму пры першай жа магчымасьці. Не хацеў ён сюды вяртацца, бачыць Бог. Але давялося. Ці то праграма навучаньня скончылася, ці то грошы. І ён, цяжка ўздыхнуўшы, вяртаецца, каб выратаваць сваіх пэйзанаў ад дыктатара Выкрутача і аднавіць гістарычную справядлівасьць. Удваіх з камэрдынэрам Янам — яны дакладна Чып&Дэйл, якія сьпяшаюцца на дапамогу да тых, хто гэтага патрабуе. Такія сабе мульцяшныя пэрсанажы, вельмі добрыя і сымпатычныя. Вядома, Гаечка‑Юлія мацнейшая за іх і больш тэхналягічная, але ж добрыя намеры — гэта таксама вельмі добра — праўда?!

Вельмі арганічна глядзеліся ўсе акторы ў вакальных нумарах. Ніхто не фальшывіў, але і ўласна опэрнымі іхныя галасы не назавеш. Таму да таго, што выраблялі акторы пад музыку, яны ставіліся з той жа самаіроніяй, што выратоўвала іх на працягу ўсяго спэктаклю. Яны «гуляліся ў клясыку», «гуляліся ў опэру» — а не спрабавалі з напружанымі выразамі твараў граць салідных опэрных сьпевакоў. У выніку напружаньня не адчувае і глядач — наадварот, атрымлівае шчырую асалоду.

Наагул, мне ўжо даводзілася пісаць, што ў беларусаў няма пачуцьця гумару, — дастаткова прыгадаць такіх тыповых нацыянальных пэрсанажаў, як Зянон Лукашэнка і Аляксандар Пазьняк. Тут жа — ці гэта Дунін‑Марцінкевіч на актораў так паўплываў, ці гэта сам Пінігін — у добрым і цалкам карэктным гумары купаюцца і тыя, хто на сцэне, і тыя, хто ў залі. І разумееш пана Караля: вось на такую Радзіму сапраўды хочацца вярнуцца. Тут хам‑начальнік зазнае паразы, людзі ўсьмі¬хаюцца і сьпяваюць ня толькі на Дажын¬ках, але і на працы, а жанчыны лёгкія, прыгожыя і ня ведаюць, што такое «пі¬кап». Тут добра. Лепш, чым у Парыжы.

Ды пры канцы спэктаклю сьмех раптам зьнікае. У паветраны шар сядаюць Караль і Юлія, Юлін тата і Ян. Зьлятаюць пад палянэз Агінскага — у сьветлае высокае неба. І раптам ідылія заканчваецца: гром, залева. Пусьцее сцэна. І толькі жаночы плач гаворыць пра тое, што шчасьце было такім магчымым, такім блізкім, але скончылася грымотамі і ўдарамі маланкі.

А яны ж зьляцелі і абяцалі вярнуцца… Мілыя, мілыя…

Аляксандар Фядута


Сцэна са спэктаклю. Фота Андрэя Лянкевіча
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0