Ролік сацыяльнай рэкламы, зняты на Украіне напярэдадні 9 мая, можа нанесці ўдар па ўтульных паданнях расійскага грамадства пра тое, што Расія зараз працягвае справу пераможцаў у Вялікай Айчыннай, «ваюючы з фашыстамі на ўсходзе Украіны», — піша расійская служба Радыё Свабода.

Шэраг карыстальнікаў, праўда, выказвала засцярогі, што ветэран у фільме зусім не выглядае на свае 90 гадоў, а выглядае на 70 гадоў.

Так і ёсць, акцёру Уладзіміру Талашку, што сыграў Дзеда, — 69 гадоў. Але сп. Уладзімір выканаў ролю ў фільме Леаніда Быкава «В бой ідут одні старікі» (1973) — ці ў не найлепшай стужцы пра Вялікую Айчынную на прасторах былога СССР. І ролік — пераемнасць сённяшніх падзей з падзеямі 1940-х. І пачынаецца ролік слоганам на самалёце «Будзем жыць» — крылатай фразай з фільма Леаніда Быкава.

Уладзімір Талашка сыграў у фільме героя старшага лейтэнанта Сяргея Скварцова — таго самага, што выконваў знакамітую «Ніч яка месячна». У фільме Сяргей Скварцоў гіне, а на 13-й секундзе роліка мы можам пабачыць фатаграфію Скварцова на сцяне.

Уладзімір Талашка нарадзіўся ў Макееўцы ў Данецкай вобласці, там дзе зараз ідзе вайна. Сп. Талашка даў інтэрв'ю расійскай службе Радыё Свабода.

Ён кажа, што фільм «У бой ідуць адны старыкі» ў тым ліку і пра Украіну. Бо сам герой Леаніда Быкава (маёр Цітарэнка) кажа з адным з эпізодаў,

«як жа вы не заўважылі, вы над маёй Украінай біліся?».

— «А як тут заўважыць?» - «Э, не, тут зямля зелянейшая, паветра больш блакітнае, ды неба больш блакітнае».

«Між іншым, гадоў 25 таму, — зазначае Талашка, — яшчэ быў жывы Растоцкі са сваім знакамітым «А зоры тут ціхія …», ён і іншыя рэжысёры прадстаўлялі свае фільмы, і «Баладу пра салдата», і «Бацьку салдата», на фестывалі, які так і называўся, «Кіно перамогі». І фільм «У бой ідуць адны старыкі» Быкава, народнага артыста Украіны, майго земляка з Краматорска (а я з Макееўкі, з Данбаса), быў прызнаны найлепшым фільмам.

Сёння сорамна мне чуць, і, я думаю, ветэранам ўкраінскай арміі, украінцам, проста ветэранам, сорамна і крыўдна, што нейкі чынуша прызнаў, што вайну выйграла толькі адна нацыя. Гэта няпраўда. Не, гэта і наша перамога, — кажа Талашка.

«Мая бабуля, якая перажыла акупацыю, — кажа акцёр, — перажыла вайну, казала: галоўнае, каб не было вайны.

Я не думаю, што мае аднагодкі маглі ўявіць, што вайна можа да нас прыйсці менавіта з боку расійскіх межаў.

Я цяпер не кажу аб рускім народзе, бо я часта там бываю, шмат ведаю людзей разумных, прадстаўнікоў мастацтва, культуры, якія не падтрымліваюць крамлёўскія замашкі. Ніхто не чакаў, што вайна пачнецца з гэтага боку, таму сёння трэба шчыра сказаць, што так, гэта проста ўварванне імперскіх амбіцый Крамля, таму што сыходзіў з-пад уплыву цэлы народ….».

Прамаролік тэлеканала «Інтэр» па матывах фільма «У бой ідуць адны старыкі». Амаль 1 млн праглядаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?