Архіў славутага дзеяча перададзены на мікрафільмах і кампакт‑дысках. Ён зьмяшчае амаль 6 тысяч лістоў. Ад 1833 года ўсе гэтыя дакумэнты захоўваліся ў Расейскім дзяржаўным архіве старадаўніх актаў, куды іх передаў сын Агінскага.
Вяртаньне архіва абмяркоўвалася некалькі год. Самастойна музэй гэтага зьдзейсьніць ня мог, бо гэта вымагае выдаткаў блізу 6 тысяч даляраў, такіх грошай няма. Перадача сталася магчымай пры падтрымцы Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЭСКА і фінансаваньні бюро ЮНЭСКА ў Маскве.
На ўрачыстасьці шмат казалася пра Міхала Клеафаса Агінскага, выбітнага кампазытара, музыку, сэнатара, дзеяча эўрапейскай гісторыі і культуры. Агінскі таксама браў удзел у паўстаньні Касьцюшкі.
Прагучала цікавая думка, што неўзабаве частка перададзенага архіва мусіць стаць экспанатамі музэя ў Залесьсі Смаргонскага раёну — фамільнай сядзібе Агінскіх. Ужо скончаны план рэстаўрацыі сядзібы. Верагодна, што менавіта там быў напісаны славуты палянэз «Разьвітаньне з Радзімай».
Увосень у Музэі гісторыі тэатральнай і мастацкай культуры будзе зладжаная выстава з экспанатаў архіва.
На заканчэньне ўрачыстасьці прагучаў палянэз Агінскага, а таксама некалькі невядомых раней твораў кампазытара.