Лідэры прадпрымальніцкага руху 7 лютага правялі прэс‑канфэрэнцыю. Галоўныя яе мэты — цьвяроза зірнуць на падзеі студзеня, а таксама распавесьці пра пляны перад акцыяй 18 лютага.

«Сёньня нас, лідэраў прадпрымальніцкага руху, спрабуюць сутыкнуць ілбамі, неяк пасварыць. Але ва ўладаў гэта не атрымаецца», — сказаў старшыня кампаніі «За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў.

Паводле ягоных словаў, на сёньняшні дзень па краіне не працуюць 40 % індывідуальных прадпрымальнікаў. Прычына — ня толькі страйк, частка пераафармляе дакумэнты, іншыя зьбіраюцца зьяжджаць у Расею, каб працягваць бізнэс там. Гарбачоў мяркуе, што 15‑20% дробных гандляроў могуць ужо ня вернуцца да сваёй працы. Быў прыведзены цікавы момант: у мэтро, на радыё і тэлебачаньні цяпер ідзе рэкляма арэнды гандлёвых кропак на Камароўскім рынку. Прычым, патэнцыйным уласьнікам абяцаюць 30 % зьніжку. Раней проста так трапіць на Камароўку было амаль немагчыма.

Патрабаваньні прадпрымальнікаў застаюцца ранейшымі: адмена ўказу прэзыдэнта № 760; прыняцьцё закону аб малым бізнэсе; спыніць перасьлед прадпрымальніцкіх лідэраў. Менавіта пад такімі лёзунгамі і павінна прайсьці акцыя 18 лютага, якая пачнецца а 12:00 на Кастрычніцкай плошчы.

Алесь Макаеў прапануе радыкальны мэтад змаганьня за свае правы: «Трэба ставіць намёты на Кастрычніцкай плошчы, і стаяць да той пары пакуль улады ня пойдуць на саступкі».

Паводле ягонай інфармацыі на 16‑17 лютага ўсіх прадпрымальнікаў Гомельшчыны выклікаюць у падатковыя службы. «Ня выключана, што ўсім ім прапануюць падпісацца пад тым, што 18‑га ў Менск яны не паедуць», — лічыць А.Макаеў.

Віктар Гарбачоў мае зьвесткі, што ў міліцыі ёсьць разнарадка на прэвэнтыўныя затрыманьні ўсіх прадпрымальніцкіх лідэраў перад акцыяй 18 лютага.

«Сёньня можна гаварыць упэўнена, што прадпрымальнікі будуць удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах. Прычым, ня толькі, як сябры чыіхсьці выбарчых груп, але і як кандыдаты. Сёньня мы маем некалькі моцных кандыдатаў са сваімі камандамі, якія пазмагаюцца за месца ў парлямэнце. Хачу таксама паведаміць, што большасьць дробных гандляроў у рэгіёнах гатовая падтрымаць акцыю на Дзень Волі», — кажа В.Гарбачоў.

Старшыня аргкамітэту па стварэньні прадпрымальніцкага прафсаюзу «Разам» Мікалай Рамашын лічыць, што з ІП можа скласьціся такая ж сытуацыя, што з будаўнікамі, які масава зьяжджаюць на заробкі ў Расею.

Прадпрымальнік з Вузды Віктар Крываль кажа, што ўладам неяк атрымалася зьбіць першую пратэстную хвалю.

«Цяпер можа пачацца другая хваля. На рынках праходзяць праверкі, людзей абкладаюць овымі падаткамі, таму другая хваля мае шанец на перамогу», — мяркуе В.Крываль.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0