Супрацоўнікі гомельскай папраўчай установы адкрытага тыпу № 17 затрымалі ў цэнтры горада злачынцу, які збег з ПУАТ 30 верасня 2007 года. 32‑гадовы мужчына чатыры месяцы хаваўся ў зямлянцы ў раёне вуліцы Камісарава.

Як паведаміў БелаПАН начальнік прэс‑службы УУС Гомельскага аблвыканкама Ігар Грышкевіч, у зямлянку збеглы правёў электрычнасць і каналізацыю. «Злачынца глядзеў тэлевізар, слухаў магнітафон і радыёпрыёмнік, чытаў кнігі. Ён гатаваў сабе ежу пры дапамазе імправізаванай электрапліты з падэшваў прасаў, ваду для мыцця падаграваў кіпяцільнікам. На фанерных сценках былі акуратна развешаныя чарпакі, іншы посуд. Відаць, усё гэта ён здабываў з кантэйнераў для смецця. Мужчына быў чыста апрануты, паголены, добра выглядаў. Пры затрыманні ўцякач не супраціўляўся. На пытанне, навошта ўцёк, адказаў проста: на «хіміі» стала сумна», — сказаў І.ГрышкевІч.

Інфармацыя аб прыкладным месцазнаходжанні злачынцы з\’явілася ў аператыўнікаў у студзені. Уцекача ўжо спрабавалі затрымаць у раёне яго жылля, на беразе ракі Сож — на гэты раз ён скокнуў у праталіну і знік пад ільдом. Зямлянка была добра замаскіраваная, і знайшлі яе міліцыянеры не адразу. Калі ўваход быў знойдзены, супрацоўнікі выбілі дзверы. Злачынца знаходзіўся ўнутры.

Мужчына родам з Буда‑Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці, мае сярэднюю тэхнічную адукацыю, не жанаты. Быў тройчы судзімы, усе тры разы адбываў пакаранне за крадзеж. У ПУАТ № 17 прыбыў пад нагляд у кастрычніку 2006 года, на волю злачынца павінен быў выйсці ў маі 2009 года. Мужчына быў працаўладкаваны рознарабочым да індывідуальнага прадпрымальніка, 30 верасня мінулага года ён не вярнуўся ва ўстанову пасля звальнення ў горад і быў аб’яўлены ў рэспубліканскі вышук.

7 лютага пасля затрымання збеглы быў дастаўлены ў АУС Чыгуначнага раёна Гомеля і змешчаны ў следчы ізалятар. Распачата крымінальная справа. Мужчыне пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Алена Германовіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0