Здарылася гэта ў 1983 годзе, у сонечны вераснёўскі дзень, калі ў Чэрвень прывезлі свежую рыбу.

Падзея не тое каб вельмі значная, але набыла маштаб: навіна хутка абляцела гарадок, і не паспела яшчэ Марыя, прадаўшчыца крамы мясцовага леспрамгаса, прыняць тавар, у двары выстраілася вялікая, з некалькіх дзясяткаў чалавек, чарга.

Гандаль ужо разгарнуўся на ўсю моц, калі ў двары з’явіўся грузны мужчына ў мехаватым шэрым гарнітуры і павольна рушыў уздоўж чаргі да спехам збудаванага прылаўка. Дыханне з цяжкім свістам вырывалася з ягоных грудзей, ён час ад часу спыняўся, падносячы да рота аптэчны пузырок. І раптам захлынуўся кашалем, сутаргава затрос галавой: гэта ж трэба, хаця і закрывае трахею марлевай павязкай, глынуў усё ж пылу…

Ён ужо пашкадаваў, што рушыў у такі цяжкі для сябе шлях. Каб не падвёз на машыне сусед, наўрад ці адважыўся б. Ды вось захацелася зрабіць прыемнае матулі: куды ёй на дзясятым дзясятку самой па крамах бадзяцца! Што праўда, нічога ёй не сказаў, бо не пусціла б. Дарэмна ўсё ж адмовілася яна ў Мінск перабрацца, куды меней было б праблем. Унь, дзяўчаты з гастранома проста ў хату прадукты носяць, дактары без выкліку прыязджаюць, лецішча за горадам, на свежым паветры — сам урад распарадзіўся — бясплатна збудавана… А які чулы чалавек Станіслаў Антонавіч Пілатовіч! І не адмаўлялася быццам Міністэрства сацыяльнага забеспячэння «запарожац» выдзеліць, ды не здолела, інструкцыя забараняла, бо дачка, што мусіла кіраваць, асобна жыве. Але нічога, дапамог намеснік старшыні Саўміна, так і напісаў міністру: «Улічваючы асаблівыя заслугі перад Радзімай і атрыманыя 4 цяжкія раненні, вырашыць пытанне станоўча». Значыць, і машына свая вось-вось з’явіцца, лягчэй будзе матулю наведваць. Хаця ўсё ж побач з роднымі ёй больш надзейна было б. Дык не, адмовілася, ад магіл бацькі і малодшага сына, гаворыць, нікуды не з’еду…

Мужчына адкашляўся і, цягнучы нагу — ізноў заныў засеўшы ў ёй асколак, ды і дыхаць пасля прыступу, як заўсёды, цяжэй, — працягнуў свой шлях яшчэ колькі метраў.

За прылаўкам панавала звычайная гандлёвая мітусня: бразгалі шалі, плюхалася ў авоські рыба. Марыя ледзь паспявала паварочвацца, зважаючы на чаргу, што нястрымна расла, і час, які застаўся да закрыцця крамы. Ад запіскі, аднак, не адмахнулася, прачытала «я інвалід першай групы, прашу…», хутка ўзважыла некалькі рыбін, не звяртаючы ўвагі на замяшанне, што ўзнікла ў чарзе. Між тым, яно нарастала. Пачулася лаянка, мужчына затросся ўсім целам, замахаў рукамі, твар пабарвавеў, на ім адлюстраваліся крыўда і неразуменне. Мільгацеў заціснуты ў руцэ пузырок, другая ніяк не трапляла ў кішэню, дзе хавалася пасведчанне інваліда, з горла вырываўся свісцячы хрып… О, каб яно ў яго было, горла, каб яно магло дапамагчы яму вымавіць хаця б адно патрэбнае слова, патлумачыць, прысароміць жанчын, што расшумеліся ажно на ўвесь двор: «…не пушчайце яго… хай праз пяць чалавек становіцца… ведаем мы гэтых інвалідаў…» Хаця б адну прысароміць, тую, што, не выбіраючы выразаў, напірала моцным плячом… Шукаючы заступніцтва, ён паглядзеў на прадаўшчыцу, тая моўчкі працягнула яму праз галовы торбу з рыбай, ён узяў яе і зноў пайшоў уздоўж чаргі, спяшаючыся, як на тое быў здольны, пакінуць двор, забыцца на ўсё, што адбылося, не думаць, што ж сталася з гэтымі людзьмі. Душыла крыўда, і ён не заўважыў, хто з чаргі тузануў яго за рукаво. Тканіна затрашчала, ён спыніўся ў непаразуменні і паспеў убачыць, як ад скрыняў, што былі складзены наводдаль, кінулася да яго чыясьці постаць. І ў наступны момант цяжкі ўдар абрынуўся на твар…

Чарга ахнула, нібыта толькі цяпер убачыла ў чалавеку, што ляжаў на зямлі, абсалютную бездапаможнасць. Нехта выгукнуў «за што?!», нехта кінуўся дапамагаць яму падняцца на ногі, гэта было цяжка, таму што цяжкі быў ён сам, а ногі, што былі перабіты ў балотах пад Ленінградам, а потым з неверагодным мастацтвам пасшываны ў тылавых шпіталях, так, што ён здолеў вярнуцца на фронт, адмаўляліся слухацца. З рота струменіла кроў, а ў галаве нарастаў бясконцы гул, быццам ізноў узарвалася тая міна, ударыла гарачай хваляй, сыпанула мерзлымі камякамі, паласнула асколкам…

Але тады, у 43-м, ён падняўся.

У мяне захаваўся ўрывак з баявой характарыстыкі капітана Паўловіча Анатоля Рыгоравіча. Дасюль памятаю акуратна пападклейваную на згібах махорачнага колеру паперку, размыты месцамі подпіс — падпалкоўнік Падлесны, 13 лютага 1943 года, дзейнае войска: «…Батальёну, якім ён камандаваў, было даручана штурмам узяць ст. Падгорнае… праціўнік засеў на дзвюх вышынях, фланкіруючым агнём з кулямётаў і моцным арт. і мін. агнём прыціснуў батальён да зямлі. Тады тав. Паўловіч, рызыкуючы жыццём, асабістым прыкладам узняў батальён у атаку, у рукапашным баі ўзяў вышыні, пераследуючы немцаў, уварваўся з батальёнам на ст. Падгорнае, заняў яе і ўзяў трафеі: паровозаў — 2, вагонаў — 34, склад боепрыпасаў — 1, кулямётаў — 7, СТА — 1. У гэтым баі немцы страцілі забітымі каля 230 салдатаў і афіцэраў… Выбыў з часці па цяжкім раненні і агульнай кантузіі».

Гэта было апошняе, чацвёртае раненне камбата.

Аказалася — не апошняе.

Ударыў Крыцкі (прозвішча зменена — С.В.), трактарыст райсельгасхіміі, 27 гадоў. Ударыў і адразу знік са двара.

Знайшлі яго хутка, на наступны дзень. Разам з Паўловічам ён ехаў у адной міліцэйскай машыне, прасіў прабачыць яго, паўтараючы, што ўдарыў выпадкова, бо не бачыў, к а г о б’е. Цяпер жа, калі убачыў, ім авалодаў страх, у нейкім завуголлі свядомасці з’явілася і не сыходзіла думка, што ўдар мог стацца смяротным…

Паўловіч зноў замахаў рукамі, у машыне было цесна, участковы міліцыянер супакойваў яго, сцвярджаў, што хуліган абавязкова будзе пакараны. Тое самае паўтарыў Апанасевіч, следчы з раённай міліцыі. Паўловіч супакойваўся, паважліва гледзячы на зоркі старшага лейтэнанта…

І сапраўды, справа была заведзена хутка, праз тыдзень. І адразу пацягнуўся ланцуг сведак — гарадок невялікі, чарга лёгка пазнавала сябе. І яшчэ праз тыдзень Апанасевіч выклікаў Паўловіча на допыт «у якасці пацярпеўшага». Верагодна, мог і сам да яго прыехаць, ведаў жа, як цяжка інваліду дабрацца да Чэрвеня. Усё ж ён дабраўся, на пытанні адказваў запіскамі, потым, прачытаўшы паказанні сведак, расхваляваўся — яны былі насычаны падрабязнасцямі, якіх і заваду не было. На вочы трапіла даведка з медвыцвярэзніка, з якой вынікала, што Крыцкі часты яго наведнік. І побач — характарыстыка з месца працы: выканаўчы, працалюбівы, перавыконвае нормы… Паўловіч задыхнуўся ад абурэння. Не трэба, зноў супакоіў Апанасевіч, не хвалюйцеся, я сам дам ім дыхту, вяртайцеся ў Мінск дахаты, чакайце запрашэння ў суд…

Да суда справа не дайшла. У сярэдзіне кастрычніка Апанасевіч атрымаў дазвол працягнуць тэрмін дазнання яшчэ на месяц. А яшчэ праз два тыдні з-пад пяра следчага выйшла пастанова — справу спыніць.

Вось яна, тая пастанова: «…стаў распіхваць чаргу. Калі Паўловічу зрабілі заўвагу, то ён хапаў гіры са стала, адкуль адпускалася рыба, размахваў гірамі. Крыцкі, які знаходзіўся ў чарзе, зрабіў Паўловічу заўвагу з нагоды яго хуліганскіх дзеянняў, але Паўловіч на заўвагу не зрэагаваў, а схапіў гіру, штурхнуў Крыцкага ў грудзі і намагаўся ўдарыць апошняга. Крыцкі, абараняючыся ад Паўловіча, нанёс яму ўдар па твары, і ад удару Паўловіч упаў… Прымаючы да ўвагі, што ў дзеяннях Крыцкага адсутнічае склад злачынства, што прадугледжана артыкулам 201 частка 2 КК БССР, ён спыняў злачынныя дзеянні Паўловіча…»

Спрэс хлусня — ад «заўваг», што насамрэч былі грубай лаянкай, да «гіры», у якую ператварыўся аптэчны пузырок; ад «распіхвання чаргі» да «намагання ўдарыць Крыцкага», якога нават у чарзе не было…

Нічога гэтага Паўловіч не ведаў. Стаміўшыся чакаць суда і адказу на пяць сваіх лістоў да начальніка РАУС падпалкоўніка Зіміна, ён не вытрымаў, паехаў да яго. Той нават не хаваў вочы, калі ўпэўніваў Паўловіча, што не атрымліваў тых лістоў, што адказ хутка прыйдзе. І маўчаў, хаця ведаў, што вось ужо месяц як справа спыненая. Адказ прыйшоў ажно 9 снежня: «віна гр-на Крыцкага не пацвердзілася…»

Зразумеўшы, што Зімін яму не абаронца, Паўловіч прысунуў да сябе старэнькі «Рэйнметал» — адзіны свой ваенны трафей. Да таго моманту пішучая машынка служыла яму толькі дзеля таго, каб дзякаваць усім, хто быў да яго ўважлівы. Іншым спосабам, пісьмовым, ён рабіць гэта не ўмеў — любая літара з’яўлялася з-пад рукі падобнай на іерогліф. Цяпер жа з адзінага, па сутнасці, сродку сувязі са знешнім светам, якому, ён быў упэўнены, патрэбна ягоная ўдзячнасць за ўвагу, дабрыню і спагадлівасць, машынка ператварылася ў сродак абароны.

Дзіўна, як старэнькі «Рэйнметал» вытрымліваў незлічоную колькасць лістоў і тэлефонных размоў — так, Паўловіч друкаваў тэксты, якія ад яго імя зачытвалі па тэлефоне жонка, дачка, суседзі. Усё гэта чыталі і слухалі ў кабінетах МУС і пракуратуры рэспублікі, абласной міліцыі і пракуратуры… Але спярша ён аддрукаваў ліст Апанасевічу: «…дзе ваша сумленне, старшы лейтэнант?!»

Яшчэ ці не са два месяцы раскручваўся здзек — справа то ўзнаўлялася, то ізноў спынялася, то ператваралася з крымінальнай у адміністрацыйную… Не так, дык гэтак Апанасевіч намагаўся выратаваць Крыцкага ад законнага пакарання. Але ўрэшце пад ціскам вышэйшай пракуратуры прыцягнуў хулігана да крымінальнай адказнасці…

Калі я разбіраўся ў гэтай гісторыі, самым складаным было зразумець, чым кіраваліся следчы Апанасевіч і ягоны начальнік Зімін, на што разлічвалі, адкрыта хлусячы Паўловічу і дзяржаве, увасобленай у «органах».

Магчыма, справа Крыцкага падалася ім з ліку тых, якія было лёгка спыніць, каб не псаваць агульную карціну злачыннасці ў раёне — не стане ж пацярпелы з-за разбітай губы і выбітага зуба — лёгкіх, так бы мовіць, цялесных пашкоджанняў — уцягвацца ў доўгую, цяжкую для сябе каніцель. Але гэта зразумелае, на паверхні, тлумачэнне. Іншы, прыхаваны матыў — небеспадстаўны разлік на тое, што дзяржава зразумее іх разлік, пагодзіцца, падтрымае, што дзяржаўная машына, прынцыпова скіраваная супраць асобы, спрацуе без тармазоў. Паўловіч, па сутнасці, змагаўся не з Апанасевічам, а з дзяржавай, з хлуснёй, без якой яна не здольная была існаваць.

Са змяшаным пачуццём сораму, горычы і душэўнага хвалявання ехаў я ў Чэрвень на суд. Як жа гэта блізка — шэсцьдзясят кіламетраў па асфальце! Сыпалася на лабавое шкло шэрань з бяроз, глядзела на захад палявая гармата з пастамента на скрыжаванні дарог… Я ўспомніў аповед матулі, як 24 чэрвеня 1941 года яна, цяжарная мной, дабралася пешшу да Чэрвеня, да плошчы, дзе ў адзіны адчынены магазін ужо цягнулася вялізная чарга па хлеб, апошні, мірнай выпечкі, хлеб. Як адхлынула чарга, адхіснулася, прапусціла ўперад бежанцаў, і сястру маю, і маці, і мяне, значыць — бярыце, якія грошы, хапіла б яго вам на ўвесь шлях у невядомасць… Не, немагчыма забыцца на чэрвеньскі хлеб 1941 года…

Паўловіч прыехаў на суд у ордэнах і медалях, суддзя дазволіў яму сядзець, але ён уставаў.

Побач, прытрымліваючы яго, уставала, каб за яго адказаць на пытанні, жонка Кацярына Дзмітрыеўна. Каця, медсястра, сястрычка, ён удзячна сціскаў яе руку, як тады, у 43-м, у шпіталі, калі яна, схіліўшыся, працягнула сваю. На ўсё жыццё.

Адзін за адным праходзілі перад судом сведкі. Устала Людміла Р., выхавацелька з дзіцячага садка, год нараджэння — 1945. Без асаблівага жадання распісалася ў знак таго, што будзе гаварыць толькі праўду. «Паўтарыце, сведка, словы, якія вы гаварылі пацярпеламу». Маўчанне. «Вы не можаце?» — «А што, у яго ёсць права, а ў мяне няма?!» — сіплаваты голас сарваўся на віск. Выклікалі яе дачку Таццяну, навучэнку ПТУ — моднае паліто, імпартныя боты. «Няўжо вы не бачылі, што перад вамі інвалід першай групы?» — «А хаця і дзясятай, няхай не лезе без чаргі!»… — «Вы, — не вытрымаў суддзя, — вы… камсамолка…»

Суд дапытваў іх, высвятляў падрабязнасці, яны блыталіся, хлусілі, хлусня выпірала адразу ж, а я ўсё чакаў, калі ж хоць каго б з іх кальне сорам, калі ж, нарэшце, загалосіць сумленне: ды што гэта мы, людзі добрыя, утварылі і працягваем тварыць!

У характарыстыцы злачынства, у прыватных вызначэннях на адрас арганізацый, дзе працавалі ці вучыліся сведкі, суд пазначыў — «праявілі яўную непавагу да грамадства». А хто ж яны як не грамадства, выхаванае крывадушнасцю дзяржаўнай ідэалогіі, стварэннем вялізнай, на ўвесь СССР, чаргі? Яны сапраўды лічылі, што, заняўшы кругавую абарону вакол прылаўка, дзейнічаюць у імя справядлівых, камуністычных прынцыпаў размеркавання.

«Вы… — чырванеў тварам суддзя, — камсамолка… Ён крывёю заслужыў сабе гэтае права…»

Я паглядзеў на Паўловіча. Ён ліхаманкава шукаў руку жонкі, імкнуўся ўстаць, нешта ізноў булькацела ў горле… Што ён хацеў сказаць? Што некалькі рыбін не каштуюць і кроплі ягонай крыві? Жонка супакойвала, гладзіла па спіне… Ён прытуліўся да яе, але бачна было, як перарывіста ўздрыгваюць плечы.

Увесь дзень 27 студзеня Паўловіч прасядзеў ля тэлевізара — адзначалася 40-я гадавіна поўнага вызвалення Ленінграда ад блакады. Сышло, адсунулася ўсё, што здарылася з ім у Чэрвені, ён ізноў быў там, у заснежаных балотах, ізноў быў камбатам, што ўстаў пад агнём…

А ўвечары ў кватэры прагучаў званок. Ён адчыніў дзверы, убачыў на парозе Анатоля Яўрэінава, начальніка цэха з завода «Беллічтэхніка», з ім яшчэ некалькі чалавек. Кагосьці ён пазнаў адразу, яны не аднойчы наведвалі яго, чысцілі, рэгулявалі ягоны старэнькі «Рэйнметал». Але ўрэшце машынка не вытрымала апошняга змагання Паўловіча за справядлівасць. Яму дапамаглі дабрацца да завода, майстра, агледзеўшы яе, папрасіў пачакаць і хутка вярнуўся з Яўрэінавым: «Мо падкажаш, што з ёй рабіць?» Насамрэч рабіць з ёй не было ўжо чаго — запчастак з таго свету завод не атрымліваў. Але Анатоль ужо глядзеў не на машынку, ён глядзеў на Паўловіча: «Пакіньце, што-небудзь прыдумаем…»

І вось цяпер яны стаялі на парозе, пераступалі з нагі на нагу, падавалі букет чырвоных гваздзікоў… Ён замітусіўся, прапускаючы іх у пакой, яны сумеліся, пераглянуліся, і Яўрэінаў, падышоўшы да стала, паставіў на яго нейкі чамадан, адкінуў вечка. «Вось, Анатоль Рыгоравіч, гэта вам ад хлапцоў, яны спецыяльны суботнік адпрацавалі…»

Гэта была новенькая, з іголачкі, «Эрыка». Паўловіч, нічога не разумеючы, паглядзеў на машынку, потым на хлапцоў і раптам заплакаў, закрыўшы твар вялікімі рукамі…

Калі яны пайшлі, ён вярнуўся да стала, яшчэ раз прачытаў: «Удзельніку прарыву блакады Ленінграда таварышу Паўловічу А.Р. ад моладзі аб’яднання «Беллічтэхніка». 21.1.84 г.». Побач стаяў «Рэйнметал», ён пагладзіў па яго паверхні, што цьмяна паблісквала, і рашуча адставіў убок. Прысунуў «Эрыку», уставіў у яе чысты ліст паперы і павольна, па літарах, аддрукаваў: «Бяспрыкладны подзвіг ленінградцаў».

Ён друкаваў усю ноч. І скончыў уранку словамі: «Няхай вашы дзеці, унукі і праўнукі жывуць у шчасці»…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0